Чалы: Лукашэнка за "стабільнасць" перад выбарамі. Лозунг "мадэрнізацыя" - неактуальны


Мадэрнізацыя эканомікі можа выклікаць ў 2013 годзе дэвальвацыю нацыянальнай валюты, сказаў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. У сваю чаргу Лукашэнка назваў ідыётамі тых, хто прадказвае дэвальвацыю.

«Камусьці зноў хочацца страсянуць грамадства, закрычаць пра дэвальвацыю. Ну, пакрычаць, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Гэта для мяне ўвогуле навіна, што нейкія ідыёты ў краіне, гэтак званая экспертная супольнасць, кажуць пра дэвальвацыю нацыянальнай валюты у імя нейкай мадэрнізацыі. Мадэрнізацыя такім коштам нам не трэба».

Паводле эканаміста Сяргея Чалага, не варта казаць пра нейкую мадэрнізацыю ў краіне без маштабных інвестыцыяў. Замежныя грашовыя ўліванні застаюцца нерэалістычныя. Адзінае выйсце – унутраныя інвестыцыі, што могуць справакаваць павышэнне коштаў замежнай валюты. Менавіта пра гэта, на думку эксперта, казаў Снапкоў.

Праграма мадэрнізацыі – перадвыбарчы лозунг Лукашэнкі да прэзідэнцкіх выбараў–2015, мяркуе Чалы. Экперт падкрэсліў: «У канкурэнцыі лозунгаў лозунг пра мадэрнізацыю саступае неабходнасці захаваць стабільнасць, то бок гарантаваць адсутнасць дэвальвацыі. Дэвальвацыя страшнейшая, чымся невыкананне планаў мадэрнізацыі».

Натуральна, што ў міністра эканомікі Снапкова, які адказвае за выкананне плану мадэрнізацыі, іншыя прыярытэты. Лукашэнка яшчэ зусім нядаўна патрабаваў ад міністраў павышэння тэмпаў эканамічнага росту. Калі яны паведамілі яму пра выдаткі, звязаныя з гэтым, кіраўнік дзяржавы «даў задні ход». Лукашэнка прэзентуе цяпер сябе як абаронцу стабільнасці. «Гэта папулісцкая рыторыка, але важна, што яна супадае з тым, што слушна для эканомікі», – сцвярджае спадар Чалы.

Адмыслоўца мяркуе, што ў будучыні не варта чакаць вялікага падзення курсу беларускага рубля: «Уласна тэрмін “дэвальвацыя” не зусім дакладны. Дэвальвацыя – гэта адміністратыўная змена курсу. Калі ж курс адносна рынкавы, то гэта проста аслабленне курсу нацыянальнай валюты». Снапкоў жа мог назваць змену курса нацыянальнай валюты дэвальвацыяй, бо ў самым урадзе існуюць сумневы пра рынкавасць сённяшняга кошту беларускай валюты.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў