Помнік бітве пад Мілавідамі патрабуе рамонту


Баранавіцкія актывісты распачалі збор подпісаў за рамонт капліцы ў памяць паўстанцаў-удзельнікаў бітвы пад Мілавідамі (цяпер Баранавіцкі раён) 1863 года.

Пра гэта «Белсату» паведаміў кіраўнік баранавіцкай суполкі «Таварыства беларускай мовы» Віктар Сырыца:“Ідэя збору подпісаў з’явілася таму, што гэты помнік – у дрэнным стане. Дах каталіцкай капліцы разбураны ветрам, бляха сарваная, вада цячэ праз дах па гэтым слупе, і выгляд таму вельмі дрэнны. Нядаўна праз віну мясцовага п’янага кіроўцы ля помніку адбылася аварыя, у выніку якой разбураная пляцоўка перад помнікам. Трэба ж нешта рабіць… Тут патрэбны кран, машына, адмыслоўцы, якія дах зробяць. Сваймі сіламі мы адрамантаваць яго не можам, таму распачалі збор подпісаў».

Віктар Сырыца кажа, што каля 40 подпісаў ужо накіраваныя ў Мілавідскі сельсавет. Таксама актывісты накіравалі ліст кіраўніцтву Баранавіцкага заводу станкапрыладаў, каб далі тэхніку на рамонт помніку.

Бітва пад Мілавідамі адбылася 22 траўня 1863 года. Расейскія войскі пасля яе мусілі адступіць за падмацаваннем. Гэта была адная з найбуйнейшых бітваў у часе паўстання 1863 года на Беларусі.

У 1993 годзе сябрамі «Таварыства беларускай мовы» ля месца бітвы быў усталяваны помнік. Насупраць яго месціцца і помнік загінулым расейскім жаўнерам.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў