Замежнікі па-беларуску


https://youtu.be/ZyaHEmk_5dI
Бельгіец Адрыен Бадуэн, немцы Марцін Шон-Чанішвілі, Табіяс Гайгер і Табіяс Вайман, нарвежац Марцін Паўльсэн, кітаец Тшўай Со, Томаш Бладынец з Польшчы і шмат якія іншыя маладыя замежнікі пачалі вучыць беларускую мову ў сталым узросце. Аднаго да мовы прыцягнула каханне да дзяўчыны, іншага – беларуская ўніяцкая царква, нехта вучыў мову праз песні «N.R.M.». Што прываблівае замежнікаў у мове, якой мала карыстаюцца самі беларусы?

Інжынер з Варшавы і адзін з найактыўнешых стваральнікаў беларускай «Вікіпедыі» Томаш Бладынец упершыню сутыкнуўся з беларускаю моваю, калі прыйшоў на сустрэчу з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім, і тады ў яго з’явілася жаданне навучыцца адрозніваць расейскую і беларускую мовы.

«У Польшчы пра Беларусь вядома вельмі мала, калі запытаць сярэднестатыстычнага паляка пра асацыяцыі з нашым усходнім суседам, то гэта абмяжуецца адным Лукашэнкам. Няма чаго пытацца ўжо пра гісторыю і вядомых людзей. Гэта для палякаў такая «тэра інкогніта», – распавядае Томаш Бладынец.

Малады паляк вучыў беларускую мову з песняў, якія завучваў спачатку на памяць, каб пасля выкарыстаць гэтыя моўныя канструкцыі ў гутарцы. Томаш прызнаецца: яго дагэтуль здзіўляе, што беларусы зрэдку размаўляюць па-беларуску. Шмат хто кажа, што ім няма з кім гутарыць, што не хапае практыкі і гэтак далей. Бладынец у адказ раіць проста паспрабаваць, замест таго, каб апраўдвацца.

У.Ш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары