У Берасці прайшла акцыя «Мову ў кожную таксоўку»


Берасцейскія моладзевыя актывісты адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы, павіншаваўшы кіроўцаў маршрутных таксовак.

Кіроўцам прапанавалі 12 варыянтаў налепак з вясёлымі малюнкамі ды надпісамі па-беларуску. Кшталту «Месца для ўдару галавою», «Будзьце ветлівымі – вам не цяжка, нам прыемна», «Кніга заўвагаў і прапановаў у наступнай маршрутцы», «Не бразгай дзвярыма – адваляцца».

Шмат хто з кіроўцаў дзякаваў па-беларуску і абяцалі прычапіць налепкі ў салонах аўтамабіляў.

Як распавёў кіраўнік моладзевай ініцыятывы «Грунт» Віктар Клімус, гэтая акцыя ў Берасці адбылася ўжо другі раз.

«У замінулым годзе мы таксама ў Дзень роднай мовы раздавалі таксоўнікам падобныя налепкі. Яны яшчэ і цяпер вісяць шмат у якіх маршрутках, але не ўва ўсіх. Таму цяпер мы вырашылі паўтарыць акцыю і, так бы мовіць, абнавіць беларускамоўнае аздабленне таксовак. Беларускай мовы ў гарадскім асяроддзі Берасця няшмат, а маршрутная таксоўка – гэта тое месца, дзе бывае шмат берасцейцаў штодня. Насыціць беларускім словам увесь горад мы, безумоўна, не можам, але я быў бы рады, калі б нашая акцыя стала добрым прыкладам таго, што інфармацыйныя абвесткі ў грамадскіх месцах можна пісаць на роднай мове».

У Берасці гэта была не адзіная акцыя да Міжнароднага дня роднай мовы. Удзень адбылося паседжанне навучальнага гуртку «Бацькі.BY», а ўвечары моладзь збярэцца на этнадыскатэку ў грамадска-культурным цэнтры.

Міжнародны дзень роднай мовы
адзначаецца 21 лютага з ініцыятывы ЮНЭСКО, пачынаючы з 1999 года. Гэтая дата была абраная ў гонар пяці студэнтаў, якія загінулі ў 1952 годзе ў часе змагання за наданне мове бангла ў Пакістане статусу дзяржаўнай. Пазней тая частка Пакістану стала незалежнаю дзяржаваю Бангладэш.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары