Еўрапарламент заклікаў падтрымаць «Белсат»


Сёння ў Бруселі прайшла сустрэча еўрадэпутатаў з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці – палітолагамі ды грамадскімі актывістамі.

«Дэлегацыя прызнае дзейнасць «Белсату» за ключавую ў развіцці грамадскай свядомасці ў Беларусі. Беручы пад увагу той факт, што без дастатковага падтрымання трансляцыя незалежных праграмаў для беларускага грамадства не было б магчымым, дэлегацыя Еўрапарламенту ў справе адносінаў з Беларуссю выказвае сваё падтрыманне просьбам «Белсату», – гаворыцца ў выніковай заяве з паседжання.

{movie}Агнешка Рамашэўская пра дыскусію ў Еўракамісіі|right|9301{/movie}

«Белсат» фінансуецца са сродкаў польскага МЗС, Польскага тэлебачання і з грантавых праграмаў Швецыі, Даніі ды Савету міністраў паўночных краінаў. Дагэтуль Еўразвяз не аказваў падтрымання адзінаму беларускаму незалежнаму тэлеканалу.

Паводле еўрадэпутата Марэка Міґальскага, ЕЗ мусіць падтрымаць «Белсат», бо прамаванне правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў ды забяспечанне беларусам доступу да аб’ектыўнай інфармацыі – галоўны прыярытэт.

Дыскусія наконт адзінага незалежнага беларускага тэлеканалу стаяла асобным пунктам сустрэчы. Для гэтага ў Брусель запрасілі дырэктарку «Белсату» спадарыню Агнешку Рамашэўскую-Гузы.

«Сёння дэлегацыя Еўрапарламенту ў справе Беларусі прыняла заяву для падтрымання функцыянавання «Белсату» з заклікам да Еўракамісіі падтрымаць гэтую ініцыятыву. Думаю, дагэтуль еўрапейскія інстытуцыі слаба разумеюць, у чым сутнасць праблемы «данесці свой голас» да грамадства.То бок інфармацыя – гэта як крываток, як кроў, што мусіць цыркуляваць у арганізме, бо інакш арганізм памрэ. І я лічу: вельмі важна, што сёння дэлегацыя звярнула на гэта ўвагу выканаўчых уладаў Еўразвязу. Я спадзяюся, што гэта прынясе ўсім нам нейкія слушныя эфекты», – зазначае спадарыня Рамашэўская.

Еўрачыноўнікі прыйшлі да высновы, што без развіцця незалежных медыяў паўнавартасная мадэрнізацыя, тым болей пры цяперашніх уладах і палітычным рэжыме, у краіне немагчымая. А «Белсат» займае адмысловае месца ў шэрагу незалежных медыяў. Бо ўсцяж застаецца адзіным у Беларусі тэлебачаннем, якое транслюе на роднай мове і без цэнзуры.

Апроч гэтага, адмыслоўцы і еўрапарламентары абмяркоўвалі праблемы мадэрнізацыі судовай і праваахоўнай сістэмаў, рэфармаванне сістэмы адукацыі, эканамічныя і сацыяльныя рэформы, рэфармаванне сістэмы аховы здароўя, неабходнасць прыватызацыі ды шмат чаго іншага.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў