Беларусь трапіла ў топ-10 краінаў з праблемаю рабства


Пацярпелых ад гандлю людзьмі беларусаў можа быць нашмат больш за гэтую статыстыку, бо нашыя суайчыннікі найчасцей або саромеюцца, або баяцца прасіць дапамогі.

Міжнародная арганізацыя ў пытаннях міграцыі (МАМ) склала спіс паводле колькасці зваротаў пацярпелых за 2011 год (трэба ўлічыць, што па дапамогу звяртаюцца далёка не ўсе пацярпелыя). Паводле адмыслоўцаў, колькасць тых, хто трапіў у рабства, расце штогод. Лідар тут – Украіна (835 асобаў). Беларусь займае 9-е месца (141 асоба).

Беларусы пакутуюць на расейскіх прадпрыемствах, беларускі – ад сэксуальнай эксплуатацыі

Большасць мужчынаў, якія звярнуліся ў МАМ, трапілі ў бяду праз прывабныя прапановы працы (95,3 %). Гандляры людзьмі нярэдка падбіраюць “мэтавую аўдыторыю” ў сацыяльных сетках. Дарэчы, прадстаўнікі моцнага полу часта саромеюцца прасіць дапамогі. І праз гэта, паводле кіраўніцы гарачай лініі на нумар 113 арганізацыі “La Strada” Ірыны Пацановіч, гадамі працуюць пад прымусам.

Паводле статыстыкі, беларускія мужчыны найчасцей трапляюць у працоўнае рабства на вытворчых прадпрыемствах у Расеі. Дарэчы, нашая ўсходняя суседка застаецца сусветным лідарам паводле лакалізацыі нявольнікаў: за 2011 год з гэтай краіны паступіла 837 просьбаў пра ратунак.

Беларускі ж найчасцей пакутуюць ад сексуальнай эксплуатацыі, прычым не толькі за мяжою, але і на радзіме. Жанчыны ў сваю чаргу або баяцца звярнуцца па дапамогу, або ўвогуле не лічаць сябе ахвярамі прымусовай працы. Няўрадавая арганізацыя “Гендэрныя перспектывы” / праграма “La Strada” падлічыла, што больш за 80 % жанчын-нявольніц папярэдне спазнавалі хатні гвалт.

Волчак: Чыноўнікі арыентуюцца на гранты з-за мяжы



Упраўленне наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі МУС РБ за 2011 год дае такія ж звесткі (за мяжою ахвярамі гандлю людзьмі сталі 142 беларусы). Аднак ужо ў 2012-м статыстыка міністэрства рэзка знізілася – да 85.

Былы следчы пракуратуры Алег Волчак не схільны давяраць высокай статыстыцы нявольнікаў у Беларусі: “На маю думку, большасць гэтых ахвяраў узятыя са сферы сексуальных паслугаў, якія, імаверна, сябе ахвярамі не лічаць. Адбываецца інтэнсіўная палітызацыя барацьбы з гандлем людзьмі, таму, на маю думку, праўрадавым арганізацыям выгадна павышаць колькасць выяўленых рабоў, каб прэтэндаваць на немалы грант з замежжа”.

За апошняе дзесяцігоддзе ў рабства розных відаў трапілі 4855 грамадзянаў Беларусі. Пры гэтым, паводле афіцыйных падлікаў, не менш за 20 % − зусім не за мяжою, як пужаюць у рэкламе, а ў Беларусі.

Улады любяць папярэджваць, а не дапамагаць

У Беларусі ахвярамі гандлю людзьмі найбольш займаецца арганізацыя “La Strada”, якая асноўнае фінансаванне атрымлівае праз лінію міжнароднай недзяржаўнай праграмы “La Strada” і ад Міністэрства замежных справаў Даніі.

“Праблема гандлю людзьмі ў Рэспубліцы Беларусь вырашаецца комплексна і ўсебакова”, − заявіў працаўнік МУСу Аляксандр Гаўрылаў на круглым стале АДКБ ў пытаннях змагання з гандлем людзьмі. Аднак амерыканскія адмыслоўцы з Дзяржаўнага дэпартаменту прызначылі нашай краіне ўзровень 2WL. Гэта значыць, што чыноўнікі не выконваюць усіх прававых стандартаў у абароне ахвяраў гандлю людзьмі, але стараюцца гэта зрабіць. Да такіх жа краінаў адносяць Кітай, Ірак, Узбекістан, Сенегал, Расея.

Паводле амерыканскіх экспертаў, беларускія чыноўнікі робяць акцэнт на папярэджанне рабства за мяжою, а не на расследаванне выпадкаў і абарону пацярпелых. Пра гэта сведчыць велізарны аб’ём сацыяльнай рэкламы пра небяспеку працы за мяжою: больш за 200 відэаролікаў, каля 300 абвестак праз радыё, 900 папярэджанняў у газетах. Дзяржава тут пераследуе і ўласныя мэты: зменшыць працоўную эміграцыю.

Апошні выпадак: вызваленне з працоўнага палону ў Дагестане 5 беларусаў і аднаго − з-пад Арэнбургу было ініцыятываю расейскай няўрадавай арганізацыі “Альтэрнатыва”. Беларускія дзяржаўныя органы падключыліся да справы пасля заканчэння аперацыі.

Беларускія дыпламаты не заўсёды робяць высілкі, каб знайсці і вызваліць суайчыннікаў, нават калі паступаюць адпаведныя сігналы. Былы працоўны вязень Андрэй Пура, які збег з дагестанскай цагельні, распавёў у інтэрв’ю газеце “Брэсцкі кур’ер”: “Уначы я пазваніў у амбасаду (Беларусі ў Маскве – Н.Я., belsat.eu), сказаў, што знаходжуся ў Дагестане, куды мяне зацягнулі шляхам падману, дайце мне тэлефон ФСБ. Але ў мяне не хапіла грошай на размову”. Гэтае тэлефанаванне не стала стартам аперацыі ў справе вызвалення беларуса. Андрэю давялося выбірацца з каўказскага палону самастойна.

Настасся Яўмен, АК, belsat.eu

Стужка навінаў