Івану Кулікову выставілі абвінавачванне


Былога прэтэндэнта на прэзідэнцтва змясцілі ў Жодзінскі СІЗА, яго вінавацяць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Івана Кулікова, загадчыка лабараторыі ядравых энергетычных установак інстытуту “Сосны”, затрымалі 17 студзеня. У ягонай кватэры ў гэты ж дзень правялі ператрус. 61-гадоваму прафесару інкрымінавалі крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Сваякі Івана Кулікова ўпэўненыя, што справа мае палітычны падтэкст. Іван Кулікоў удзельнічаў у прэзідэнцкай кампаніі, але не здолеў сабраць патрэбнай колькасці подпісаў на вылучэнне кандыдатам.

Старшыня Праваабарончага альянсу Людміла Гразнова згаджаецца з меркаваннем сваякоў Кулікова: “Беларускія ўлады не даруюць любога пасягання на сваю тэрыторыю, тым больш з боку прадстаўнікоў наменклатуры”. Праваабаронца мяркуе, што і рашэнне наконт адстаўкі прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага было прынятае з гэтай жа прычыны. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў шмат аналітыкаў адзначалі, што калі ў краіне і будзе “наменклатурны пераварот”, то найбольш прымальная кандыдатура на прэзідэнцкі пост і для апазіцыі, і для Расеі – гэта Сяргей Сідорскі, нагадвае Людміла Гразнова.

Падобная ж гісторыя адбылася і на прэзідэнцкіх выбарах 2001 г. Пра намер стаць кандыдатам на прэзідэнцтва тады заявіў дырэктар Менскага заводу лядоўняў Леанід Калугін. Аднак ЦВК “забракавала” частку подпісаў, сабраных за дырэктара. Праз колькі месяцаў Калугіну выставілі абвінавачванне паводле “эканамічнага” артыкулу Крымінальнага Кодэксу. Дырэктара МЗЛ прызналі вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачвання, але амніставалі па ўзросце – на момант абвяшчэння прысуду Леанід Калугін меў 65 гадоў.

belsat.eu

Стужка навінаў