Як я ўладкоўвалася на «мужчынскую» працу, або чаму наймальнікі дыскрымінуюць жанчын?


«Кампаніі рознічнага гандлю тэлекамунікацыйнаю тэхнікаю патрабуецца юрысконсульт. Патрабаванні: вышэйшая юрыдычная адукацыя, досвед працы 2–3 гады, гатовасць да камандзіровак, мужчына, 25–30 гадоў». Тэлефаную на пазначаны ў абвестцы нумар.

– Скажыце, калі ласка, наколькі жорсткае патрабаванне – быць мужчынам, каб прэтэндаваць на вакансію юрысконсульта?

З таго боку адказвае жаночы голас:

– Гэта жорсткае патрабаванне. Гэта звязанае з камандзіроўкамі. Як паказвае практыка, з часам дзяўчынам становіцца праблематычна ездзіць у камандзіроўкі. Яны ў нас здараюцца 1–2 разы на тыдзень.

У патрабаваннях да гандлёвага прадстаўніка арганізацыі-дыстрыб’ютара электрашчытавога абсталявання «мужчына, 25–33 гады» ўказанае ў першым радку. Далей працадаўца піша пра наяўнасць асабістага аўто, пражыванне ў Менску, досвед працы і актыўную жыццёвую пазіцыю. Цікаўлюся, ці зробяць для мяне выключэнне тут.

– Мужчына – гэта абавязкова. Мы працуем у будаўнічым сегменце. Чалавеку трэба будзе бегаць па будоўлях, у брудзе, размаўляць з рабочымі ды прарабамі. У сілу менталітэту гэты кантынгент не ўспрымае жанчын. Мы ўжо рабілі эксперыменты з жанчынамі, – голас на тым баку разбіў мары аб суворую рэчаіснасць стэрэатыпаў.

Загадчык складу ў кампаніі, якая гандлюе аўтазапчасткамі. Паводле абвесткі, кандыдат на гэтую пасаду мусіць быць мужчынам з 35 гадоў, адказным, сабраным і валодаць камп’ютарам. Ужо не спадзеючыся на поспех, тэлефаную туды.

– Гэта не жорсткае патрабаванне. Гатовыя разглядаць вашую кандыдатуру, – абнадзеіў працадаўца.

Гэткі самы адказ я пачула ад забаўляльнага сайту ды інтэрнэт-крамы, якія шукалі пазаштатнага мадэратара і кур’ера.

Частымі аказаліся абвесткі з вакансіямі, дзе працадаўцы ўказвалі адваротнае патрабаванне – «жанчына» ці «дзяўчына». Для чысціні эксперыменту прашу свайго калегу-мужчыну затэлефанаваць у папулярную менскую сетку крамаў сушы. Вакансія – «памочнік адміністратара». Прэтэндэнтам на гэтую працу неабходна ўсяго толькі быць «дзяўчынаю прыемнага выгляду, з 18 да 25 гадоў». Адказ працадаўцы аказаўся досыць нечаканым:

– Мы ўжо бралі некалькі разоў хлопчыкаў – не пайшло. У абавязкі ўваходзіць прыбіранне памяшканняў, ім гэта не падабалася.

Дзяржава не выкарыстоўвае патэнцыялу сваіх грамадзянаў

Каб разабрацца ў прычынах палавых перавагаў працадаўцаў, звяртаюся да даследчыцы гендару Алены Ляшкевіч. «Калі дарослыя кажуць дзецям: «Прыбяры цацкі», то да хлопчыка і дзяўчынкі выстаўляюцца розныя патрабаванні, – аналізуе эксперт.

– Хлопчык зграбе свае рэчы пад ложак, яму скажуць: «Малайчына», а дзяўчынцы: «Ну, ты ж дзяўчынка! Як не сорамна!» Калі такі хлопчык трапляе на працу, дзе трэба прыбіраць, аказваецца, ён не можа гэтага рабіць».

У 2013 годзе выйшаў у свет дапаможнік у нефармальнай адукацыі «Гендарны лікбез». Алена – аўтарка раздзелу аб праблемах працаўладкавання жанчын у Беларусі. Даследчыца лічыць, што часта наймальнік прымае рашэнні не на падставе прафесійных якасцяў кандыдатаў.

Класіка жанру: «Шукаем сімпатычных, камунікабельных дзяўчат для раздачы рэкламных буклетаў. Аплата – $ 3 за гадзіну», – прыводзіць прыклад Алена. – Абаяльны малады чалавек можа рабіць гэта з няменшым поспехам, чым дзяўчына. Якая розніца, якога полу будзе распаўсюджвальнік буклетаў? Калі я была б працадаўцам, я імкнулася б вытрымаць баланс. Ёсць розныя кліенты, і яшчэ не вядома, хто каму больш спадабаецца. Верагодна, з прычыны нізкай аплаты працадаўца разлічвае зацікавіць сваёй прапановаю маладых жанчын».

Камандзіроўкі, фізічныя нагрузкі, зносіны з «цяжкім» кантынгентам, дэкрэтны адпачынак – усё гэта штучныя стэрэатыпы наймальнікаў, перакананая адмыслоўца. «Праз гэта працадаўцы могуць абсекчы дасведчаных і актыўных працаўнікоў, – падсумоўвае Алена Ляшкевіч. – У выніку церпяць і наймальнікі, і работнікі, і дзяржава. Чалавечы патэнцыял не выкарыстоўваецца напоўніцу».

Чатыры гады таму праваабаронца з Віцебску Леанід Свецік шукаў працу праз газеты вакансіяў. «Мяне здзівіла вялікая колькасць аб’яваў, калі ўказваўся пол і узрост кандыдата, – распавядае праваабаронца. – Я звярнуўся ў Канстытуцыйны суд з запытам, наколькі такія фармулёўкі адпавядаюць заканадаўству».

У сваёй пастанове найвышэйшы орган судовай улады прызнаў, што ўказанне полу і ўзросту парушае правы патэнцыйных прэтэндэнтаў на працу. У дакуменце, падпісаным старшынём Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам, прапаноўваецца Савету міністраў падрыхтаваць праект зменаў у Працоўны кодэкс і закон «Аб занятасці насельніцтва».

Не гледзячы на гэта, Леанід Свецік не ўзгадвае у сваёй практыцы выпадкаў, калі сушукальнікі скардзіліся на дыскрымінацыйныя ўмовы працадаўцаў. Не даводзілася аказваць такой дапамогі юрысту, намесніцы старшыні жаночай сеткі «Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў» Алене Яськовай. «Даказаць гэта немагчыма, – лічыць яна. – Такія скаргі не маюць судовай перспектывы. Права наймальніка – браць ці не браць – без тлумачэнняў прычынаў аспрэчыць у судзе пры сённяшнім неразуменні гендарнай роўнасці нерэальна».

Тым часам лёс прапанаваных зменаў у Працоўны кодэкс невядомы нават самому спадару Свеціку.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў