Культурны агляд


Адмыслова для тых, хто хоча пачаць размаўляць па-беларуску, але саромеецца сваіх памылак ды сябе саміх, у сталіцы адкрыліся вясёлыя курсы ў форме інтэграцыйнай вечарыны. Першыя заняткі пад назваю “Мова ці кава” сабралі больш за 100 ахвотных.

Сваю прагу ці то да мовы, ці то да кавы паказала столькі чалавек, што арганізатарам давялося спешна мяняць пляцоўку, каб змясціць усіх.

{movie}Агляд падзеяў культуры (19.02.2013)|right|9260{/movie}

„Тры месяцы я ўжо размаўляю па-беларуску штодня, – кажа адная з наведніц, – аднак адчуваю патрэбу павялічваць свой вакабуляр”.



„Калі я быў у Егіпце, расейцы запыталіся, чаму я не размаўляю па-беларуску,
– тлумачыць іншы наведнік. – Стала сорамна”.

Аўтарка ідэі – беларуска Кацярына Кібальчыч. Разам з акторам Васілём Дранько-Майсюком яна пачала праводзіць такія курсы спачатку ў Маскве.

„Філасофскі сэнс назвы „Мова ці кава” ў тым, што людзі прыходзяць дзеля таго, каб вучыць мову, і дзеля таго, каб выпіць кавы з адзінадумцамі, пабачыць, што яны не белыя вароны”, – тлумачыць аўтарка ідэі.

У нас жа вучыць мове за каваю будуць філолаг Алеся Літвіноўская ды журналіст Глеб Лабадзенка кожны панядзелак, па вечарах. На ўступным занятку высветлілася, што публіка шакуе не толькі сваёй колькасцю, але і надзвычайнай разнастайнасцю.



„Медык, фізікі, чалавек, які капае калодзежы, ёсць прапаведнік,
– здзіўляецца Лабадзенка. – Фантастычна, што людзі, якія хочуць вывучаць мову – не з нейкай аднае тусоўкі, а цэлы зрэз грамадства”.



Іншыя тэмы: эксклюзіўныя рукапісы Максіма Гарэцкага, баснійскі фільм-пераможца 63-га фестывалю „Берлінале”, экскурсія нудыстаў па выставе аголенага мастацтва ў Вене.

Адэля Дубавец belsat.eu

Стужка навінаў