Беларускае войска. Чаму не будзе зменаў?


Міністр абароны Юрый Жадобін катэгарычна супраць альтэрнатыўнай і кантрактнай службы. Гэткім чынам несумленныя грамадзяне, на думку міністра, спрабуюць «адлыньваць ад выканання абавязкаў». Разам з тым тэрмін службы павялічваць не збіраюцца. Да таго ж Жадобін пахваліўся тым, што беларускіх жаўнераў харчуюць лепей, чымся савецкіх, і развязаннем праблемаў з ботамі – цяпер іх хопіць кожнаму і, вядома ж, паводле міністра, у беларускай арміі няма дзедаўшчыны – толькі адзінкавыя інцыдэнты.
{movie}Аляксандр Алесін у “Гарачым каментары” |right|9259{/movie}
Калі ўсё так добра, то чаму далёка не ўсе беларускія юнакі палаюць жаданнем аддаць доўг Айчыне? Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін зазначае, што, як і ў кожным войску, у беларускім – хапае праблемаў, але ж за гады незалежнасці атрымалася здзейсніць асноўную мэту. З беларускай вайсковай акругі стварыць баяздольную нацыянальную армію.

«Нельга казаць, што сённяшняе беларускае войска – на ўзроўні 50–60 гадоў. Ужо перад развалам СССР яно не было такім – беларуская акруга акурат атрымала самую сучасную на той час ваенную тэхніку. Гэта і танкі Т-70Б, і знішчальнікі СУ-27 і МІГ-29, і гэтак далей. У беларускай вайсковай праходзілі правяранне найноўшыя адзінкі савецкай баявой тэхнікі»
, – зазначае Аляксандр Алесін.

Іншая справа, што з тых часоў прайшло каля трыццаці гадоў і якой бы тэхніка не была сучаснай у 85 годзе, на сёння яна будзе і маральна, і тэхнічна састарэлая. Беларуская эканоміка не ў стане ўзброіць войска сучаснаю тэхнікаю. Магчыма таму міністр абароны не бачыць магчымасці пераходу на кантрактную сістэму набору? Паводле вайсковага эксперта, кантрактная армія значна даражэйшая за сістэму сённяшнюю.

“На аднаго жыхара Беларусі прыпадае $ 126 абаронных выдаткаў. У ЗША – у 19 разоў болей: там класічнае прафесійнае войска. Чаму так шмат? Чалавек жыве з гэтага – забяспечыць сям’ю або сабраць грошай на адукацыю. Сапраўднае прафесійнае войска – гэта выбар сапраўды багатых краінаў», – мяркуе адмысловец.

Разам з тым беларускае войска налічвае больш за 60 тыс. жаўнераў і цывільнага персаналу. Навошта нам такое войска? Паводле спадара Алесіна, вялікая вайна ў Еўропе, дзе мог бы спатрэбіцца вялікі кантынгент вайскоўцаў, немагчымая: яна ў момант перарасце ў трэцюю сусветную, дзе колькасць жаўнераў будзе значна менш важная за колькасць ядравых боегаловак.

Вялікае войска – адзін з галоўных аргументаў у беларуска-расейскіх стаснках. Лукашэнка не раз нагадваў, што беларуская армія – тое, што аддзяляе Расею, ад НАТА. Дзеля падтрымання гэткіх заяваў уладам і патрэбнае такое войска.

У.Ш., belsat.eu
https://youtu.be/7nv_Hb7dPpc

Глядзі таксама
Каментары