Навошта польскім семінарыстам беларуская мова?


«Беларуская мова нам патрэбная, каб размаўляць з людзьмі і быць бліжэй да Бога», – кажуць будучыя праваслаўныя польскія святары, якія працаваць будуць таксама ў Польшчы.

Праваслаўныя юнакі з ўсёй Польшчы паступаюць ў Варшаўскую духоўную семінарыю, каб рыхтавацца да святарскай паслугі. У семінарыі хлопцы вучацца тры гады і атрымліваюць ступень бакалаўра.

Гарант поспеху – добрая настаўніца



Каля 10 гадоў беларускую мову для будучых святароў выкладае ў семінарыі спадарыня Людміла Андрэюк. Ураджэнка Падляшша і жонка святара, да якой навучэнцы ласкава звяртаюцца «матушка», размаўляе па-беларуску не толькі на занятках, але і з сямейнікамі дома, перадаўшы дваім ужо дарослым дзецям любоў да роднай гаворкі.

Беларускую мову будучыя багасловы вывучаюць цягам двух першых курсаў па 2 гадзіны штотыдзень. Семінарысты жывуць ў тым жа будынку, дзе і навучаюцца. Заняткі заўсёды распачынаюцца малітваю па-беларуску. Хоць беларуская мова – неабавязковы прадмет, большасць юнакоў, аднак, ахвотна яе вывучае. Спадарыня Людміла распрацавала для іх адмысловую праграму, бо лічыць, што тэолагі найперш мусяць авалодаць рэлігійнаю лексікай. Значная частка заняткаў прысвечаная таксама беларускім народным традыцыям пры адзначэнні хрысціянскіх святаў.

Пра што гамоняць багасловы?

Самі юнакі таксама прапаноўваюць тэмы, веданне якіх жадаюць паглыбіць. Іх цікавіць, напрыклад, тэматыка сяброўства, адносінаў паміж людзьмі, штодзённага жыцця і г.д. Адмысловых падручнікаў па беларускай мове ў семінарыі няма. Семінарысты знаёмяцца з моваю, чытаючы беларускі пераклад Евангелля, беларускія малітоўнікі, выпушчаныя ў Заходняй Еўропе, газету беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы «Ніва» і кнігі беларускіх пісьменнікаў.

Некаторыя навучэнцы, якія паходзяць з Падляшша, працягваюць вывучанне беларускай мове, бо скончылі беларускамоўныя школы. Для большасці, аднак, гэта першыя крокі ў авалоданні моваю ўсходніх суседзяў: толькі ў духоўнай вучэльні яны знаёмяцца з беларускім алфавітам і правіламі вымаўлення.

“Весці сваю паству да збаўлення”

Семінарысты падкрэсліваюць, што, вувучаючы дадаткова расейскую і царкоўнаславянскую мовы, а часцяком яшчэ і ўкраінскую, не могуць пазбегнуць памылак і блытаніны, але вельмі стараюцца добра размаўляць на беларускай мове і любяць яе за спеўнасць і меладычнасць.

Будучыя святары мяркуюць, што беларуская мова прыдасца ім падчас працы ў праваслаўных прыходах ва ўсходнім рэгіёне Польшчы – Падляшшы, для насельнікаў якога беларуская мова – родная. «Святару будзе лягчэй знайсці кантакт з прыхаджанамі. Людзі будуць яму давяраць, а святару будзе лягчэй весці сваю паству да збаўлення», – сказаў Георгій Траянчук з Бельску-Падляскага.

Штораніцы а 7 гадзіне семінарысты моляцца ў семінарскай капліцы Уводзінаў у Святыню Найсвяцейшай Багародзіцы. Лічыцца, што каля гэтай святыні ў 1940 годзе быў забіты генерал Станіслаў Булак-Булаховіч. Цяпер на адной са сценаў духоўнай вучэльні ў Варшаве вісіць шыльда ў ягоную памяць.

А як у Беларусі?

У Беларусі ж слухачы праваслаўнай духоўнай семінарыі ў Жыровічах вывучаюць беларускую мову толькі 2 гадзіны на тыдзень цягам першага курсу. Семінарыя не мае беларускамоўнай версіі сваёй інтэрнэт-старонкі, а ўсю інфармацыю падае выключна па-расейску.

Крыху пра Падляшша

Падляшша – гістарычны рэгіён на беларуска-польскім памежжы. Цэнтр цяперашняга Падляскага ваяводства ў Польшчы – Беласток. Паводле праведзенага ў 2002 годзе ў Польшчы перапісу насельніцтва, каля 50 тыс. грамадзянаў Польшчы назвалі сябе беларусамі. Большасць з іх (96,6 %) жывуць менавіта ў Падляскім ваяводстве. Паводле перапісу, каля 40 тыс. грамадзянаў прызналіся, што выкарыстоўваюць у побыце беларускую мову.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў