«Драма Васіля Старавойтава». Сышоў з жыцця былы старшыня «Рассвету»


Сёння на 89 годзе сышоў з жыцця Васіль Старавойтаў, былы старшыня ўзорнага калгасу «Рассвет». «Драма Васіля Старавойтава» – фільм з дзвюх частак пра аднаго з найлепшых кіраўнікоў у Савецкім Саюзе, крытыка Лукашэнкі ды палітвязня.



Падчас Вялікай Айчыннай вайны, Старавойтаў быў намеснікам штабу 600 партызанскага атраду. У 1957–1968 гадах працаваў дырэктарам саўгасу «Раднянскі» Клімавіцкага раёну Магілёўскай вобласці.



З 1968 да 1997 года ўзначальваў калгас «Рассвет» – адзін з найлепшых у СССР. Кіраваў ім 29 гадоў, двойчы ўзнагароджаны медалём Героя Сацыялістычнай працы. Яшчэ да развалу Савецкага Саюзу пачаў пераводзіць гаспадарку на рынкавыя рэйкі. Створанае на базе калгасу акцыянернае таварыства аб’ядноўвала больш за 50 прадпрыемстваў, быў нават уласны банк.

Паспяхова працаваў на пасадзе і пасля абвешчання незалежнасці. Праблемы пачаліся, калі іншы, значна менш паспяховы кіраўнік калгасу заявіў пра прэзідэнцкія амбіцыі. Васіль Старавойтаў, які быў даверанаю асобаю Вячаслава Кебіча, адкрыта выказаўся: «Лукашэнка не дарос да ўзроўню кіраўніка краіны». У кастрычніку 1997 года Старавойтава адхілілі ад працы і арыштавалі паводле абвінавачання ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, эканамічных злачынствах, хабарніцтве і арганізацыі забойства кіраўніка Магілёўскага камітэту дзяржкантролю Яўгена Мікалуцкага.

У 1999 годзе Старавойтава прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму і канфіскацыяй маёмасці. Працэс над ім атрымаў шырокі грамадскі рэзананс у беларускай, расейскай і замежнай прэсе. Старавойтаў правёў у зняволенні каля паўтара года. У калоніі былы старшыня калгасу перанёс два сардэчныя прыступы і мікраінсульт, пасля якога нейкі час не мог размаўляць і амаль страціў зрок. Пасля вызвалення ён вярнуўся дадому, у вёску Мышкавічы Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласці. Браў удзел у дзейнасці Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Заўтра «Драма Васіля Старавойтава» будзе даступная і на нашай ўэб-старонцы ў фільматэцы «Белсату».

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў