Да 120-годдзя Максіма Гарэцкага – выстава эксклюзіўных рукапісаў класіка


Ягоная сям’я гэтак і не даведалася, што памёр ён не сваёй смерцю, а быў расстраляны. 18 лютага споўнілася 120 гадоў з нараджэння слыннага літаратара, публіцыста і навукоўца Максіма Гарэцкага. Яго можна лічыць пачынальнікам беларускай ваеннай дакументалістыкі. Твор «На імперыялістычнай вайне» выйшаў 3 гадамі раней за раман Рэмарка «На Заходнім фронце без зменаў».

У Цэнтральнай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прэзентавалі выставу «Браму скарбаў сваіх адчыняю…», прысвечаную 120-годдзю Максіма Гарэцкага. Упершыню для грамадскасці экспанавалі арыгіналы рукапісаў пісьменніка розных гадоў, сярод якіх – і спроба пяра 1912 года, аповесць «Камароўская хроніка», пераклад «Віленскіх камунараў» на расейскую мову, чарнавікі ды занатоўкі. Сярод экспанатаў – пасведчанні пісьменніка, ягоныя лісты, сямейныя здымкі. Акрамя таго, на выставе экспанаваныя выданні твораў Гарэцкага розных гадоў, даследаванні ды ўспаміны, прысвечаныя класіку.



Пра трагічны бок жыцця Гарэцкага сведчыць арыгінал пратаколу ператрусу 1937 года. Лёс пісьменніка быццам паўтарае ўвесь боль гісторыі сваёй краіны, якая цярпела то ад адных акупацыйных уладаў, то ад іншых. Жывучы ў Вільні пры польскай уладзе, яго зняволілі ў турму «Лукішкі». А праз 8 гадоў, у 1930-м, арыштаваў ужо савецкі НКВД. Ягонае жыццё абарвалася ў расейскай Вязьме ў 1938 (1939?) годзе, як меркавала сям’я, праз выліў крыві ў мозг. Аднак толькі ў першыя гады незалежнасці Беларусі высветлілася, што Гарэцкага расстралялі. Зачапіла яго сям’ю і фашысцкая навала – сын Леанід загінуў на франтах Другой сусветнай вайны.

«Наш аддзел атрымаў большасць гэтых рукапісаў шмат гадоў таму ад Леанілы Усцінаўны Гарэцкай, жонкі пісьменніка. Мы пастанавілі, што нагода 120-гадовага юбілею – найлепшы час для абнародавання гэтых унікальных дакументаў», – зазначае суарганізатарка выставы, загадчыца сектару рукапісаў бібліятэкі Таццяна Жук.

{movie}Таццяна Жук пра выставу|right|9279{/movie}

Пляменнік беларускага дзеяча, акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі цвердзіць, што гэтыя дакументы цудам захаваліся да нашага часу. Частка твораў знікла ў выніку шматлікіх пераездаў і канфіскацыяў. Аднак і сам аўтар не заўжды дбайна ставіўся да сваёй творчасці: напрыклад, дазваляў сваім дзецям маляваць у сшытках з чыставікамі вершаў.



Гэтая імпрэза сталася адной з цэнтральных падзеяў святкавання 120-годдзя Максіма Гарэцкага. Адбылася і навуковая канферэнцыя «Гарэцкія чытанні», аднак на ёй не прысутнічалі дзяржаўныя чыноўнікі. Намеснік міністра культуры, нягледзячы на абяцанне, не знайшоў магчымасці прыйсці, распавядае Радзім Гарэцкі: «З боку нашай дзяржавы робіцца не ўсё. Яшчэ да 100-годдзя Гарэцкага было дамоўлена выдаць выбраныя творы Гарэцкага на расейскай мове, тым не менш, яны дагэтуль не надрукаваныя. На жаль, стаўленне да беларускай літаратуры ўвогуле даволі сціплае. Пэўныя намаганні прыкладаліся на юбілеі Купалы і Коласа. Аднак ціха мінулі 95-ыя ўгодкі Янкі Брыля, ніхто не павіншаваў з 80-годдзем і жывога паэта Ніла Гілевіча».

У чытачоў ёсць унікальная магчымасць на ўласныя вочы пабачыць рукапісы Гарэцкага рознага перыяду, ягоныя дакументы і фотаздымкі. Праз 3 дні арыгінальныя экспанаты заменяць фотакопіямі.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў