Прыціснулі да борціка: Чаму любімы від спорту Лукашэнкі – без вынікаў?


«Хто вінаваты і што рабіць?» у галовах спартовых чыноўнікаў з лёгкасцю трансфармуецца ў «каго «жэстачайшэ» пакараць, каб не пакаралі мяне?». Заўтра ў выканкаме Беларускай федэрацыі хакею адбудзецца «разбор палётаў» з нагоды правалу нашай хакейнай зборнай у алімпійскай кваліфікацыі.

Ці з’явіцца Аляксандр Лукашэнка ў VIP-ложы хакейнай трыбуны ў Сочы? У любым выпадку пазаўзець за беларусаў з трыбуны «галоўнаму хакеісту краіны» не атрымаецца.

Кожную значную спартовую паразу кіраўнік дзяржавы, а разам з тым і кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту ўспрымае вельмі хваравіта. Гэтак было з паразаю зборнай Беларусі па футболе ў матчы з іспанцамі («Такой ганьбы нацыі, як гуляла нашая зборная, хай і з чэмпіёнамі свету, я не бачыў»). Так было і пасля «невыканання плану адносна медалёў» нашай алімпійскай зборнай у Лондане («Вы цямнілі, бегалі, абяцалі 25 медалёў, а я валодаў поўнай інфармацыяй, што ў вас там адбываецца»).

У сітуацыі з правалам хакейнай зборнай на кваліфікацыі пакуль не было гучных заяваў. І пакуль малаверагодна, што заўтра галоўны трэнер каманды Андрэй Скабелка станецца «хлопчыкам для біцця». Прынамсі пакуль пошук вінаватых не зыніцыяваў Аляксандр Лукашэнка.

Сістэмныя памылкі ці няўдача?

Вынікі няўдалага выступу нашай зборнай у Даніі ўжо разглядалі ў Міністэрстве спорту і турызму. «Вы бачылі, што, саступаючы 0:2, нашая каманда змагла сабрацца і зраўнаць лік, а потым і закінуць трэцюю шайбу, якую нам не залічылі», – апраўдваўся падчас нарады галоўны трэнер нашай зборнай.

Алесь Пуціла: Хакей і спорт трэба вывесці з прэсінгуАлесь Пуціла: Хакей і спорт трэба вывесці з прэсінгу«Рэч у тым, што Славенія, з якой гулялі беларусы падчас кваліфікацыі, займае 18-е месца ў рэйтынгу. Гэта каманда 2-мільённай краіны, і ніхто не ўспрымаў іх сур’ёзна. Аднак яны здолелі сабрацца і даць адпор. Нашыя – не, – канстатуе спартовы аглядальнік «Белсату» Алесь Пуціла. – Але праблемы нашага хакею ляжаць значна глыбей. У нас няма кадраў, няма змены. У хакейныя секцыі не праводзяцца адборы таленавітай моладзі. Праводзяцца наборы. Хочаш – добра, катайся. Селекцыі ды выхавання талентаў практычна няма».

З пункту ж гледжання чыноўнікаў, трэба «узмацніць кантроль за безумоўным выкананнем патрабаванняў кіраўніка дзяржавы» пра выдаткоўванне сродкаў на спорт. Па гэта заявіў памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры Максім Рыжанкоў. Старшыня Федэрацыі хакею Яўген Ворсін заявіў, што неабходна прааналізаваць хаду рэалізацыі дзяржаўнай праграмы ў справе развіцця хакею: «На жаль, пераканаліся, што шмат якія яе палажэнні не працуюць так, як мы разлічвалі».

Праграма, якая не працуе?

Праграму прынялі ў 2010 годзе паводле асабістага даручэння кіраўніка дзяржавы. Перад гэтым быў фантастычны выступ нашай зборнай на Алімпіядзе ў Нагана (Аляксандр Лукашэнка нечакана прыляцеў на Алімпіяду, каб прысутнічаць на адной з гульняў), у 2002 – цудоўная перамога над грандамі хакею – камандаю Швецыі – забяспечыла выхад у паўфінал Алімпіяды. Хакей стаўся «спортам № 1» у нашай краіне. Але потым сенсацый было менш, аднак Беларусь амаль увесь час захоўвала за сабою месца ў найвышэйшым дывізіёне.

Рэалізацыя дзяржаўнай праграмы ўжо праз год мае завершыцца. Плануецца, што ў 2014 годзе ў Беларусі будзе 52 лядовыя арэны. Пакуль што функцыянуюць 27, яшчэ 21 павінны збудаваць – праграма мае быць амаль выкананая паводле гэтага паказніка.


«Хакей не ёсць для беларусаў нацыянальным відам спорту, як, напрыклад, для бразільцаў нацыянальным спортам ёсць футбол. У Беларусі гэта штучная з’ява, і колькасць лядовых палацаў ніяк не ў стане змяніць сітуацыю, – упэўнены Алесь Пуціла. – Хакей і спорт увогуле трэба вывесці з прэсінгу, з ціску, з напружання, бо каманднае адміністраванне не на карысць не толькі хакею, але і іншым відам спорту. Чыноўнікі баяцца перш за ўсё не нашкодзіць сабе».

Але вынікаў у выглядзе хакейных перамогаў пакуль не відаць. Паводле прагнозаў, выкладзеных у дзяржаўнай праграме, ужо ў 2014 годзе хакейная зборная на Чэмпіянаце свету, што адбудзецца ў Менску, мае заняць месца, не ніжэйшае за 4-е. На Алімпіядзе ў Сочы, куды нашая каманда нават не прайшла, планавалі як мінімум 8-е месца.

Эпоха лядовых палацаў

Пабудова «Менск-Арэны» каштавала каля $ 350 млн. Фота bymedia.netПабудова «Менск-Арэны» каштавала каля $ 350 млн. Фота bymedia.netУ 1994 годзе ў Беларусі былі ўсяго 4 буйныя лядовыя арэны. Пасля гучных перамог пачынаецца актыўнае будаўніцтва лядовых палацаў па ўсёй краіне. У 2010 годзе здалі ў эксплуатацыю «Менск-Арэну» – найбуйнейшую лядовую пляцоўку ва Усходняй Еўропе. Гэта каштавала бюджэту каля $ 350 млн.

Цяпер агульная колькасць месцаў на трыбунах лядовых арэнаў краіны складае больш за 52 тысячы. Гэтага дастаткова, каб усадзіць на крэслы насельніцтва невялікага гораду, такога як Слонім ці Кобрын. Вось толькі беларусы не надта спяшаюцца набываць квіткі на трыбуны, а гэта – адна з прычынаў таго, што лядовыя палацы застаюцца чорнаю дзіркаю ў мясцовых бюджэтах.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары