Уга Чавэс пасля анкалагічнай аперацыі збліжаецца з ЗША


Прэзідэнт Венесуэлы, які больш за 2 месяцы лячыўся пасля анкалагічнай аперацыі на Кубе, не толькі нечакана вярнуўся дадому, але і зрабіў першыя даручэнні. Антыамерыканіст і антыглабаліст Уга Чавэс даручыў сваім дыпламатам палепшыць стасункі з ЗША.

Пра гэта праз мясцовае тэлебачанне заявіў міністр замежных справаў Венесуэлы Эліяс Яўа. Сам 58-гадовы Чавэс не з’яўляўся на публіцы з леташняга снежня, калі на Кубе яму зрабілі чацвёртую за апошнія паўтара года аперацыю.

Венесуэла трыюмфуе – нарэшце лідар краіны Уга Чавэс вярнуўся да свайго народу. Гэтую навіну ў некаторых рэгіёнах сустрэлі з феерверкамі.

{movie}Welcome back, mr. President (18.02.2013)|right|9253{/movie}

ЖЫХАР КАРАКАСУ:

«Венесуэла чакае цябе з раскрытымі абдымкамі, мой камандантэ. Мы любім вас. Мы хочам, каб вы былі разам з намі, і ўсё насельніцтва будзе падтрымліваць вас заўсёды, да 2021 года».

Пра нечаканы прыезд Чавэса ў Каракас стала вядома з ягонага допісу ў мікраблоге «Twitter». Прадстаўнікі ўраду пацвердзілі інфармацыю ў эфіры нацыянальнага тэлебачання.

ЭРНЭСТА ВІЛЛЕГАС, МІНІСТР ІНФАРМАЦЫІ ВЕНЕСУЭЛЫ:

«Камандантэ Чавэс вярнуўся. Мы надзвычай усцешаныя, што можам падзяліцца з вамі гэтаю навіною. Віншую, Венесуэла!»

Яшчэ на мінулым тыдні, каб разбіць усялякія абвінавачанні ў замоўчванні праўды аб стане Чавэса, улады апублікавалі першыя за два з паловаю месяцы здымкі прэзідэнта. Публікацыі спадарожнічаў афіцыйны каментар, што хаця прэзідэнт і папраўляецца, але пакуль не можа гаварыць з-за наступстваў перанесенай ім рэспіраторнай інфекцыі. Нягледзячы на адсутнасць голасу венесуэльскі правадыр ужо зрабіў першыя даручэнні. Нечакана даўні ды зацяты крытык Вашынгтону запатрабаваў ад падначаленых актывізаваць дыялог са Злучанымі Штатамі. У прыватнасці, Уга Чавэс хацеў бы вяртання амерыканскага амбасадара ў Каракас і прадстаўніка Венесуэлы ў Вашынгтон. Пры гэтым міністр замежных справаў Венесуэлы, які і агучыў пажаданне Чавэса, падкрэсліў.

ЭЛІЯС ЯЎА, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ВЕНЕСУЭЛЫ:

«Мы хочам мець добрыя стасункі з ЗША, але не адчуваем у гэтым вострай неабходнасці».

Крэсла амерыканскага амбасадара ў Каракасе пустуе ўжо больш за 2 гады. У ліпені 2010-га Чавэс адмовіўся зацвердзіць кандыдатуру Лэры Палмэра на гэтую пасаду, бо той, на меркаванне камандантэ, нібыта дазваляў сабе непаважлівыя заўвагі ў бок кіраўніцтва Венесуэлы. Злучаныя Штаты неўзабаве анулявалі візу венесуэльскага амбасадара. І пакуль аналітыкі гадаюць, што ж выклікала перамены ў настроях Чавэса, другі вядомы антыамерыканіст, Фідэль Кастра, вітаў вяртанне венесуэльскага лідара дадому. Ягоны зварот зачыталі ў эфіры мясцовай тэлевізіі.

ЗВАРОТ ФІДЭЛЯ КАСТРА, КУБІНСКАЕ ТЭЛЕБАЧАННЕ:

«Дарагі Уга, падчас тых вельмі цяжкіх дзён пакутаў і ахвяравання вы даведаліся шмат новага пра жыццё. Мы і надалей будзем жыць і змагацца за справядлівасць, за людзей без страху. Усе нашыя дзеянні мусяць быць асцярожныя і разумныя, каб не даць фашысцкім групам магчымасці спланаваць свае цынічныя дзеянні ў адносінах баліварыянскай рэвалюцыі».

Аднак ці падтрымаюць паплечнікі «амерыканскія» памкненні Чавэса, невядома.

Вольга Саўле, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў