Адзіная заспявала па-беларуску і… перамагла


У першы дзень музычнага конкурсу «Я пою!» на тэлеканале АНТ пераможцаю стала Сабрына Бабшукова, якая выканала песню Алены Свірыдавай «Пакуль».



Падчас першага канцэрту сёлетняга сезону конкурсу гэта быў адзіны беларускамоўны нумар, які перамог паводле вынікаў галасавання гледачоў у зале. У музычным праекце бяруць удзел выхаванцы дзіцячых дамоў, дзеці з шматдзетных і няпоўных сем’яў, якія раскрываюць свае вакальныя здольнасці, выступаючы на сцэне ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестру Рэспублікі Беларусь.

{movie}Пакуль Сабрына Бабшукова відэа АНТ|left|9237{/movie}

Сабрына Бабшукова спявала па-беларуску з адчувальным расейскім акцэнтам, аднак, гэта не перашкодзіла ёй перамагчы.

Расейскамоўны арыгінал песні «Пока» ў выкананні Алёны Свірыдавай быў перакладзены паэтам Андрэем Хадановічам адмыслова для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». Папулярная ў Расеі спявачка, якая выхоўвалася ў Менску, выканала затым гэтую песню па-беларуску. Спявачка неаднаразова падкрэслівала, што шануе беларускую мову і ведае на памяць творы беларускіх класікаў.

{movie}Алёна Свірыдава “Пакуль”|right|9236{/movie}

У праекце інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі» ўзялі ўдзел 12 зорак постсавецкай прасторы – «Смысловые галлюцинации», пераможца «Еўрабачання» Аляксандр Рыбак, «Zdob si Zdub», «Воплi Вiдоплясова» ды іншыя.

Выступоўцы выконваюць свае песні ў беларускай версіі паводле прафесійнага літаратурнага перакладу, падтрымліваючы гэтак беларускую мову і культуру.

Ідэя выканання іншамоўных гітоў па-беларуску ўзнікла ў 2009 годзе. Адной з першых у межах праекту загучала на роднай мове нашумелая песня «Волшебный кролик» у выкананні Юрыя Дземідовіча.

Дзяржаўнае тэлебачанне звяртаецца да распрацаванняў інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі» ўжо не ўпершыню. Раней Аляксандр Рыбак заспяваў на БТ «Небасхіл Еўропы» па-беларуску падчас удзелу ў«Еўрафэсце». Тады песня з «Перазагрузкі» таксама была адзіным беларускамоўным творам імпрэзы. Навагодні канцэрт–2013 на АНТ быў таксама цалкам пабудаваны на спяванні вядомых песень па-беларуску.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў