Зваліўся метэарыт і прыехалі «Akute»


Да Масквы яны даехалі ўпершыню. І тут мы даведаліся, што падзенне метэарыту пад Чэлябінскам было зусім не прошукамі іншапланетнікаў ці выпрабаванне сакрэтнай зброі ЗША, а часткаю прому «Akute». У дзень канцэрту абышлося без катаклізмаў і нішто не замінала нам паразважаць з Раманам Жыгаравым і Стасам Мытнікам пра «Placebo», адзіноту і планы на будучыню.
{movie}Урывак Маскоўскага канцэрту “Аkute” |right|9235{/movie}
«Белсат»: Вы неяк сказалі, што, калі напісалі «Адзіноцтва», былі самі ад сябе ў шоку. За апошні год здзіўлялі сябе?

Стас Мытнік: Так! Новымі песнямі!

Раман Жыгараў: Мы ўзрушаныя гэтым. Новыя песні атрымоўваюцца як упершыню! Усё вяртаецца.

«Белсат»: Адкуль яны бяруцца?

Стас: А мы самі не ведаем. Быў час, калі стварыўся нейкі вакуум. Нічога новага не з’яўлялася. Звычайна так здараецца пасля выхаду новага альбому. Ты рабіў, былі цяжкасці, потым ён выходзіць, і ты нуль, няма ніякіх сілаў. Потым нешта пачынае з’яўляцца, і ты зноў натхняешся.

Раман: Другі альбом, вядома ж, быў працягам першага. Большасць песень, якія былі ў ім, напісаныя яшчэ падчас выхаду першай кружэлкі. Яны адно цэлае, адзін вялікі кавалак працы. Потым сапраўды ўзнік перапынак, які скончыўся цяпер. І да нас прыходзіць матэрыял, які вельмі адрозніваецца ад таго, што было раней.

Новы альбом зроблены на траціну: 3 з 9 песень новага альбому ўжо ёсць. Адна – на стадыі звядзення ў Кіеве. Музыкі распавялі, што ў пошуку новай якасці, пачалі супрацу з украінскім гукарэжысёрам, які раней супрацоўнічаў з гуртом «Океан Ельзи».

Ужо цяпер мы можам сказаць, што гэта новая прыступка для нас, новая якасць гучання. Спадзяемся на плённую супрацу з нашым новым гукарэжысёрам. У пераліку дасягненняў «Akute» мінулага года ёсць таксама і ўдзел у праекце «Вышэй за неба». Гурт стаў у пэўным сэнсе закладнікам скандалу вакол праекту.

Раман: Скандалы скандаламі, але кіно так і не выйшла настолькі масава, наколькі гэта магло б быць. Шкада. Калі мы здымалі кліп у межах праекту, мы былі ўражаныя працаю аператара. І агулам было бачна, што людзі ведаюць і любяць тое, што яны робяць.

«Белсат»: Але кліп яшчэ не выйшаў?

Стас: Не выйшаў. І, мабыць, ужо не выйдзе. Гэта такія пытанні, якія вырашаем не мы. Мы не маем права выкласці яго ў інтэрнэце.

Раман: Хоць мы яго бачылі!

«Белсат»: Вы выступілі з «Placebo». Ці не расчараваліся? Так бывае, калі знаёмішся з тым, кім захапляешся на адлегласці.

Хорам: Не!

Стас: Гэта ўвогуле быў першы канцэрт, на якім я танчыў у натоўпе народу. Першы за ўсё жыццё! Звычайна глядзіш і глядзіш. А тут былі яшчэ ўражанні ад свайго выступу, бо ўвесь зал прымаў вельмі добра.

Раман: Мы назіралі вельмі класную працу па-за сцэнаю. Гэта быў той добры досвед: мы пабачылі, як можна ўсё рабіць чотка, хутка і якасна.

«Akute» назвалі свой першы альбом «Дзевачкі і космас». У іх музыцы і сапраўды чуецца касмічны прастор. Але ж вядома, што ў космасе нешматлюдна і халодна…

«Белсат»: Адчуваеце сябе ўлюбёнцамі «дзевачак»? Ёсць дыскамфорт ад вядомасці?

Раман: Ды не, пішуць, вядома ж, часам у асабістыя, рознае. Але пакуль нічога дрэннага не здаралася…

Стас: Яны пакуль не ведаюць, дзе ты жывеш.

«Белсат»: У «Akute» ёсць глабальныя планы, кшталту праз 10 мы запішам столькі альбомаў?

Стас: Мы будуем не планы, а мары. У кожнага з нас ёсць, мы нават ужо бачым, як яны здзяйсняюцца. А прыдумляць, якім чынам мара здзейсніцца, – бессэнсоўна. Усё адно ў рэальнасці ўсё здараецца па-іншаму.

Раман: Калі пра цяперашні час казаць, то гурт развіваецца ў спакойным рэжыме. Новыя песні, новыя выступы, новая якасць – усё адбываецца планамерна.

«Белсат»:
Што штурхае вас да развіцця?

Раман: Наркотыкі і алкаголь. Секс… брудны.

Стас: Так!

Канцэрт «Akute» у Маскве адбыўся ў месцы, якое ўжо робіцца тут сталаю беларускаю пляцоўкаю. У клубе «China-Town-Cafe» з ініцыятывы і пры дапамозе студэнта Мытнай акадэміі Сяргея Мачнёва ўжо выступалі «Разбітае сэрца пацана» і Аляксандр Памідораў.

Аліна Радачынская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары