Пайшоў з жыцця Сакрат Яновіч


Беларускі і польскі пісьменнік, старшыня беларускай партыі ў Польшчы памёр ва ўзросце 76 гадоў у сваім доме на Падляшшы.

Сакрат Яновіч – аўтар дзясяткаў кніг. У цэнтры ягонай творчасці – нацыянальная праблематыка, самасвядомасць беларусаў. Дэбютаваў апавяданнем у 1956-м у беластоцкай «Ніве» – газеце беларусаў Польшчы. Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Я. Брыля, п’есу Я. Шабана «Шрамы» для Драматычнага тэатра імя Я. Вэнґеркі ў Беластоку.

У 1970 годзе яго звольнілі з беластоцкай «Нівы» за «беларускі нацыяналізм».

У савецкія часы быў завербаваны спецслужбамі Польскай Народнай Рэспублікі, у чым прызнаўся ў 2007 годзе.

«Чым глыбей яго ведаеш, тым больш ён здзіўляе маштабамі і незвычайнасцю сваёй індывідуальнасці: паэт, празаік, эсэіст, публіцыст, аналітык, гісторык, культуролаг, сацыёлаг, псіхолаг, філосаф, мараліст і яшчэ, і яшчэ. Пры ўсім гэтым гэта чалавек з вельмі нізкім болевым парогам – мяккі і пяшчотны, тэмпераментны і ваяўнічы адначасова, – піша пра Сакрата Яновіча літаратуразнавец Уладзімір Гніламёдаў. – Такім яго нарадзіла Беларусь ХХ стагоддзя, шматпакутная Беласточчына, якая з’яўляецца яго малой радзімай. Калі б ён жыў, умоўна кажучы, у Маскве, то гэта быў бы, можа, Салжаніцын, у Кіеве, скажам, Алесь Ганчар, у Менску – другі Васіль Быкаў. На Беласточчыне ён – Сакрат Яновіч, і гэтым многае сказана».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў