Мікалай Аўтуховіч: Без кампрамісаў, без усялякіх умоваў


Ваўкавыскі прадпрымальнік, ветэран афганскай вайны, асуджаны ў траўні 2010 года на пяць гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за захоўванне пяці патронаў і паляўнічай вінтоўкі, не мае намеру прасіць Лукашэнку аб памілаванні.

Паводле грамадскага актывіста Леаніда Гаравога, у адным з лістоў ён пісаў, што Лукашэнка можа вызваліць палітвязняў нават без прызнання віны, а проста атрымаўшы просьбу з трох словаў – “Прашу мяне вызваліць”. Аўтуховіч у сваім лісце піша, што і гэтых словаў улады ад яго не дачакаюцца.

«Маю свае погляды. І ўсё жыццё я ніколі іх не змяняю. Нават калі буду ведаць, што яшчэ дадаткова дадуць новы тэрмін, пісаць нават і тры словы не буду! Каб быць нязломленым, трэба ісці да канца. Без кампрамісаў, без усялякіх умоваў. Я нічога не рабіў дрэннага для Радзімы і народу, не парушаў ніякіх законаў, чаму я павінен звяртацца з прашэннем. Гэта будзе няправільна, як на мяне», – цытуе фрагмент лісты Аўтуховіча сайт праваабарончага цэнтру “Вясна“.

У сваю чаргу ветэран афганскай вайны Аляксандр Сахарук ппаведаміў праваабаронцам, што Аўтуховіч даслаў яму ліст, у якім павіншаваў усіх сваіх «былых братоў па зброі» з чарговаю гадавінаю вываду савецкіх войскаў з Афганістану (15 лютага). Ён пажадаў ім «заставацца ў гэтым жыцці не толькі людзьмі, але і грамадзянамі, каб без сумненняў можна было паціскаць адзін аднаму рукі».

Мікалай Аўтуховіч, якому сёлета 7 студзеня споўнілася 50 гадоў, адбывае пакаранне ў гарадзенскай турме № 1. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. Аўтуховічу неаднаразова рэкамендавалі звярнуцца за памілаваннем да Лукашэнкі. Кожны раз пасля ягоных адмоваў ціск з боку турэмнай адміністрацыі ўзмацняўся.

У апошні месяц пагоршылася становішча і іншых палітвязняў. Паводле жонкі экс-кандыдата на прэзідэнта Беларусі Мікалая Статкевіча, які адбывае пакаранне ў закрытай турме № 1 у Магілёве, супраць яго аднавіліся правакацыі. Праваабаронцу Алеся Бяляцкага адміністрацыя калоніі № 2 Бабруйску пазбавіла спатканняў з роднымі на бліжэйшыя паўгода.

Праваабаронцы звязваюць гэта з імкненнем уладаў дамагчыся ад палітвязняў прашэнняў аб памілаванні. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ягоныя апаненты, якія цяпер у зняволенні, могуць быць вызваленыя пры ўмове, калі звернуцца да яго з просьбаю аб памілаванні.

У.Ш. паводле БелаПАН,belsat.eu

Стужка навінаў