У Варшаве прайшоў Дзень беларускай “Вікіпедыі”


Цягам сямі гадзінаў сёння ў варшаўскім універсітэце Collegium Civitas усіх ахвотных вучылі, як ствараць і правіць артыкулы ў “Вікіпедыі”.

Адміністратар польскай “Вікі” Марэк Стэльмасік і аўтар сотняў артыкулаў у беларускай “Вікіпедыі” Томаш Бладынец распавялі аб правілах напісання артыкулаў і дапамагалі ўдзельнікам. Цягам гэтага часу некалькі дзясяткаў чалавек дапоўнілі беларускамоўны сегмент інтэрнэт-энцыклапедыі.

{movie}Дзень беларускай Вікіпедыі ў Варшаве|right|9219{/movie}

Айчыннымі версіямі “Вікіпедыі” – тарашкевіцаю і наркамаўкаю – карыстаюцца толькі 22 % беларусаў. Паводле польскіх вікіпедыстаў, прычына – у малой колькасці ўнікальных артыкулаў (большасць – пераклад з расейскай) і падзеленасці на два правапісы.

“Самае важнае, каб было як мага болей людзей, што гэтую “Вікіпедыю” пішуць і якія ўмеюць пісаць. “Вікіпедыяй” карыстаюцца амаль усе, заўважаюць там памылкі ды не ведаюць, як іх выправіць. Мы хочам паказаць, што гэта насамрэч не цяжка, што дастаткова пачаць, і далей гэта ідзе лёгка”, – кажа Томаш Бладынец.

Мерапрыества арганізавалі “Беларуская Нацыянальная Памяць” і “Таварыства Вікімедыя Польшча”.



На сёння ў “Вікіпедыі” больш за 56 тысяч артыкулаў афіцыйным правапісам і каля 48 – тарашкевіцай. Павялічыць лічбу можа кожны: працэс рэгістрацыі ды напісання артыкулаў вельмі просты.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў