Уладзімір Раманаў: інвестарскія няўдачы ў Літве і Беларусі


Літоўскі “Ūkio bankas” – на мяжы банкруцтва. Пракуратура ацэньвае не толькі сумнеўную фінансавую палітыку ўстановы, але правярае датычнасць “Ūkio bankas” да злачыннай дзейнасці: праз банк праходзілі выкрадзеныя з расейскага бюджэту сродкі – паводле схемы, раскрытай Сяргеем Магніцкім. Уладзімір Раманаў, асноўны акцыянер банку, патаемна зляцеў у Маскву. Гэты прадпрымальнік ініцыяваў некалькі інвестыцыйных праектаў і ў Беларусі.

Рызыкоўнае кіраванне

На пачатку тыдня кліенты літоўскага “Ūkio bankas” даведаліся аб закрыцці філіялаў сваёй фінансавай установы. У абвестцы на дзвярах паведамлялася, што на дзейнасць акцыянернага таварыства “ŪB” наклалі мараторый.



Паводле адмыслоўцаў, банк у сваёй дзейнасці ішоў на неапраўданыя рызыкі, не сачыў за ўзроўнем ліквіднасці, не грэбаваў і запазычанасцямі. Пачатак фінансавай турбулентнасці “ŪB” нагадвае разгортванне аналагічнай гісторыі з банкам “Snoras”, які спыніў сваё існаванне ў 2011 годзе.

Магчымыя некалькі варыянтаў. Найбольш радыкальны – гэта банкруцтва, калі іншых перспектываў не застанецца. Іншы варыянт – адасабленне здаровай часткі банку і ўступка маёмасці кожнаму ўдзельніку рынку”, – патлумачыў журналістам будучыню “ŪB” кіраўнік Літоўскага банку Вітас Васіляўскас.

Фіяска другога банку за апошнія два гады выглядае тэндэнцыяй, аднак адмыслоўцы тлумачаць, што застрахавацца ад краху фінансавых установаў фактычна немагчыма. “Патрабаванні да банкаў увесь час растуць як на сусветным, гэтак і на еўрапейскім узроўнях. Якім бы якасным ні быў кантроль, ён не зможа цалкам выключыць незаконнай дзейнасці. Больш за тое, банкі могуць сутыкнуцца з бязладдзем у выніку абсалютна беспадстаўных чутак”, – распавяла “Белсату” Інгрыда Шыманіце, экс-міністр фінансаў Літвы.



Аднак выглядае, што праблемы “Ūkio bankas” не сталі наступствам адно неапраўданага пляткарства. Да дзейнасці ўстановы цяпер прыглядаецца следства. Прыцягвае ўвагу і той факт, што ў абодвух крызісных банкаў асноўнымі акцыянерамі былі прадпрымальнікі расейскага паходжання – Уладзімір Антонаў і Уладзімір Раманаў. Тым не менш, неахайнасць вядзення бізнесу наўрад ці звязаная з нацыянальнасцю, мяркуе Інгрыда Шыманіце. “Адна з асаблівасцяў банкаў “Ūkio” і “Snoras” – рызыкоўныя інвестыцыі на Усходзе. У пагоні за рэсурсамі банкі прапаноўваюць большыя адсоткі ад унёскаў, а дзеля гэтага ім даводзіцца інвеставаць у праекты з вышэйшаю доляю рызыкі”, – разважае галоўная фінансістка краіны мінулага ўраду.

Замяшаны ў “справе Магніцкага”

Увагу следчых органаў “Ūkio bankas” прыцягнуў яшчэ год таму, калі ў літоўскую пракуратуру звярнуліся прадстаўнікі фонду “Hermitage Capital Management”. У гэтым фондзе некалі працаваў юрыст Сяргей Магніцкі. У 2007 годзе ён вылічыў схему, паводле якой працаўнікі расейскіх унутраных органаў і падатковых службаў нелегальна выпампавалі з бюджэту краіны каля 230 млн долараў. Юрыст загінуў у 2009 годзе пры нявысветленых акалічнасцях у турме “Матроская цішыня”.



“Hermitage Capital”
выступіў з ініцыятываю распачаць расследаванне ў дачыненні да “ŪВ” на падставе звестак, што праз гэты банк ажыццяўляліся транзакцыі атрыманых у выніку махінацыяў дзяржаўных сродкаў. Па рашэнні пракурораў рахункі, звязаныя са “справаю Магніцкага”, замарозілі.

Паводле звестак працаўніка Каўнаскай акружной пракуратуры Данатаса Пузінаса, праз іх праходзіла каля 13 млн долараў, аднак у момант арышту на кожным з гэтых 28 рахункаў было не болей за 16 тыс. доляраў. “На цяперашні момант у справе падазраваных няма, – распавядае пракурор. – Пакуль мы высвятляем імёны ўладальнікаў гэтых рахункаў, усе яны – грамадзяне Расейскай Федэрацыі. Таксама мы правяраем, ці не быў замяшаны ў гэтых грашовых аперацыях сам банк”.

Акцыянер банку меў праекты ў Беларусі

Прэзідэнт акцыянернага таварыства “Ūkio banko investicinė grupė” (ŪBIG), мільянер Уладзімір Раманаў, вядомы сваймі смелымі грашовымі ўліваннямі ў праекты ў Расеі, Беларусі, у іншых дзяржавах СНД ды ў Балканскім рэгіёне.



Першапачаткова Раманаў быў станоўча настаўлены адносна бізнесу ў нашай дзяржаве. У 2009 годзе ён ачоліў Літоўскую бізнесовую Раду эканамічнай і гандлёвай супрацы з Беларуссю. ŪBIG падпісаў дамову з менскімі гарадскімі ўладамі аб супольнай рэканструкцыі стадыёну “Трактар” з пераўтварэннем яго ў сучасны цэнтр спорту і адпачынку. Кошт праекту склаў 250 мільёнаў еўраў – адна з найбуйнейшых літоўскіх інвестыцыяў у Беларусі.

Аднак праект не зварухнуўся з мёртвага пункту. Мэр Менску Мікалай Ладуцька вінаваціў літоўскіх інвестараў у няспрытнасці, адцягванні тэрміну пабудовы аб’екту. “Гэта новая прапанова, мы яе абмеркавалі і зацвердзілі, але пры ўмове, што рэканструкцыя пачнецца ў 2010 годзе”, – патлумачыў Ладуцька журналістам “БелТА” пазіцыю мэрыі.

Уладзімір Раманаў, у сваю чаргу, паскардзіўся, што бізнес-план не ажыццяўляецца з-за перашкодаў, якія чыняць сталічныя чыноўнікі. У інтэрв’ю газеце “Прессбол” прадпрымальнік расказаў, чаму цяжка весці справы з уладамі Менску: “Спачатку абяцалі 700 тысячаў квадратных метраў, пасля плошчы сталі скарачаць – да 300 тысячаў, 150… Мы ўкладаем грошы, нам кажуць: давайце-давайце, быццам прывабліваюць… Наколькі ведаю, тую зямлю ўжо камусьці аддалі”. Летась таварыства ŪBIG абвесціла пра свой намер звярнуцца ў Стакгольмскі міжнародны арбітраж з патрабаваннем адсудзіць у сталічнай мэрыі кампенсацыю грашовых стратаў.



Другі інвестыцыйны праект у Беларусі, і таксама няўдалы, Раманаў намагаўся зрэалізаваць у сферы футболу. Ён набыў менскі клуб “Партызан”. Аднак, паводле прадпрымальніка, адрадзіць поспехі каманды не ўдалося з-за закрытасці чыноўнікаў. Уладзімір Раманаў уклаў у каманду больш за 5 млн еўраў, аднак увесь час сутыкаўся з неразуменнем гарадскіх уладаў (якія, дарэчы, мелі 25 % ад прыбыткаў клубу), таму вырашыў прыпыніць фінансаванне менскіх футбалістаў.

На думку Інгрыды Шыманіце, Раманаў быў гатовы інвеставаць у падобныя праекты з надзеяй атрымаць немалую грашовую аддачу дзеля выгаднейшых прапановаў кліентам свайго банку.

Цяпер у дачыненні фінансавай дзейнасці “Ūkio bankas” ладзіцца дасудовае расследаванне. Крымінальных справаў на кіраўніцтва банку пакуль не распачыналі.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў