Ксёндз Амяльчэня: Сустрэча з Лукашэнкам – спосаб Папы дапамагчы беларусам


Бэнэдыкт XVI цікавіўся Беларуссю, ведаў яе культуру і людзей настолькі, што гэта ўразіла беларускіх біскупаў, дзеліцца сваймі развагамі пра Папу Рымскага дырэктар Беларускай службы Ватыканскага радыё ксёндз Аляксандр Амяльчэня.

Глядзі больш у праграме “ПраСвет”, якая выходзіць на “Белсаце” штопятніцу а 20:30. Выданні праграмы даступныя таксама ў нашым архіве.

{movie}Ксёндз Амяльчэня: Бэнэдыкт XVI добра ведаў Беларусь |right|9217{/movie}

Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI запомніцца сваёй мужнасцю і бескампраміснасцю, лічыць айцец Аляксандр. Пантыфік, паводле яго, навучыў Касцёл глядзець на сябе аб’ектыўна і нагадаў Касцёлу яго мэты.

Беларускія каталікі запомняць Бэнэдыкта XVI як чалавека з глыбокімі ведамі пра іх краіну. “Для Папы Беларусь была не проста пунктам на мапе ці нязначнаю часткаю тэрыторыі былога СССР”, – падкрэсліў каталіцкі журналіст.

Кс. Амяльчэня згадаў візіт беларускіх біскупаў у Ватыкан у 2009 годзе, падчас якога іерархі з Беларусі былі моцна ўражаныя ведамі кіраўніка Каталіцкага Касцёлу пра Беларусь, яе людзей ды культуру. Нават крытыкаваны візіт Лукашэнкі ў Ватыкан быў для Бэнэдыкта XVI адным са шляхоў заўважыць Беларусь і дапамагчы беларусам, лічыць працаўнік Ватыканскага радыё.

Разам з адыходам Бэнэдэкта XVI Касцёл распачне новы этап, на якім ён мае сур’ёзна заняцца новымі спосабамі распаўсюду веры, а перш за ўсё – метадамі размовы з сучасным светам, мяркуе айцец Аляксандр.

“Сваім жэстам Папа паказвае, што змены – гэта нармальная з’ява ў Касцёле, нават такія радыкальныя змены, як сыход Пантыфіка”, – падкрэсліў святар.

Наступны Папа, на думку ксяндза Амяльчэні, не будзе выбірацца паводле геаграфічнага прынцыпу: “Размова тут пойдзе пра асабістыя якасці новага Пантыфіка – духоўныя і інтэлектуальныя. Сёння Касцёлу патрэбны сапраўдны лідар, а кардыналы з такімі якасцямі ёсць на ўсіх кантынентах”.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў