Інаўгурацыя ў адзіноце


На інаўгурацыі не будзе знакавых палітычных асобаў. У вонкавапалітычным ведамстве Беларусі тлумачаць гэта тым, што “ў Беларусі няма такой традыцыі запрашаць на інаўгурацыю палітычных лідараў іншых краінаў”.

Як паведамлялася раней, акрэдытаваныя ў Менску амбасадары краінаў Еўразвязу з’едуць 21 студзеня ў Вільню на канферэнцыю наконт сітуацыі ў Беларусі. Сёння ў Бруселі Мая Кацыянчыч (прэс-сакратарка вярхоўнай прадстаўніцы ЕЗ Кэтрын Эштан) удакладніла: амбасадары не возьмуць удзелу ў цырымоніі на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсіяў супраць апазіцыі ды прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Мая Кацыянчыч таксама заявіла, што на інаўгурацыі не будзе і часовага паверанага у справах ЕЗ у Беларусі Жана-Эрыка Гольцапфэля.

Пра свой намер з’ехаць у гэты дзень з Менску паведаміў таксама часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан. У дыпламата на 21 студзеня запланаваны візіт у Горадню.

Міжтым прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных сцвярджае, што ва ўрачыстай цырымоніі збіраюцца ўзяць удзел 32 кіраўнікі замежных дыпламатычных установаў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў. Праўда, агучыць спіс Андрэй Савіных адмовіўся.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары