Паўночная Карэя святкуе дзень нараджэння Кім Чэн Іра


У гэтым годзе свята назвалі Днём ззяючай зоркі – у гонар запуску касмічнага спадарожніку.



З гэтай нагоды ў Прэзідыуме краіны адбылося святочнае паседжанне. Прамоўцы з гонарам казалі пра надзвычайную асобу Вялікага лідара – Кім Чэн Іра, кляліся ў вечнай адданасці ягонаму сыну Кім Чэн Ыну і пагражалі «амерыканскім імперыялістам».

{movie}”Дзень ззяючай зоркі” ў Паўночнай Карэі|right|9197{/movie}

Цікава, што дзейны Вялікі лідар не прысутнічаў ні на адным са святочных мерапрыемстваў – паседжанне адкрываў старшыня Прэзідыуму Кім Ёнґ Нам.

«Нашыя смелыя вайскоўцы і працавіты народ, што аддана служаць Вялікаму лідару, зрабілі нашую краіну ядраваю дзяржаваю. Пра гэта ведае ўвесь свет пасля паспяховага правядзення 3-га ядравага выпрабавання. Мы яшчэ раз падкрэслілі імкненне да захавання суверэнітэту і бяспекі нашых межаў», – казаў ён у рэдкіх перапынках паміж грамавымі апладысментамі.

Святочныя ўрачыстасці адбыліся таксама каля гары Пэкту, дзе нарадзіўся Кім Чэн Ір. Тут прысутнічалі вайскоўцы і навукоўцы, што спрычыніліся да запуску паўночнакарэйскага спадарожніку. І калі навукоўцы не імкнуліся размаўляць з журналістамі, жаўнеры ахвотна дзяліліся сваймі думкамі.

«Напярэдадні вялікага Дня ззяючай зоркі, я адчуваю гонар за тое, што я жаўнер, асабліва пасля ўдалага ядравага тэсту. Гэта выклікала хвалю страху ў Злучаных Штатах ды іхных прыспешнікаў, што заклікалі да санкцыяў супраць нашай Радзімы», – выпаліў у камеру малодшы сяржант Кім Сун Іл.

Ягоны сябра Ры Кум Сун прызнаецца, што ледзьве стрымліваецца, каб не рынуцца ў бой на паўднёвакарэйскіх і амерыканскіх імперыялістаў: «Навіна пра паспяховае ядравае выпрабаванне натхніла нас на новыя ўчынкі! Наш баявы дух на вышыні, і мы гатовыя зруйнаваць амерыканскіх імперыялістаў магутным ударам. Я штодня рыхтую сябе да бою пад кіраўніцтвам нашага Вялікага Камандзіра Кім Чэн Ына. Мы гатовыя падтрымаць нашую краіну сваёй зброяй».

Святочныя прамовы скончыліся шыкоўным феерверкам на 20 хвілінаў. Кім Чэн Ір памёр у снежні 2011 года пасля таго, як няспынна кіраваў краінаю цягам 17 гадоў. Эстафету ідэяў чучхэ прыняў ягоны сын Кім Чэн Ын, які атрымаў афіцыйны тытул Вялікі нашчадак.

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў