Кіроўцу “Паршэ Кайена” – 4 гады калоніі-пасялення


Суд Фрунзенскага раёну Менску скончыў разгляд рэзананснай справы.

Андрэя Забабуру асудзілі на 4 гады зняволення ў калоніі. Яго аўто як рэчавы доказ будзе застанецца на штраф-стаянцы. Суддзя зрабіла прыватную заўвагу ў бок адміністрацыі 23-й школы. Яна абавязаная цягам месяца прыняць усе магчымыя меры для бяспекі вучняў.

Адвакат Ігар Папкоўскі лічыць прысуд несправядлівым і збіраецца яго абскардзіць.

«Абвінавачаны таксама не згодны з гэткім выракам, – пракаментаваў журналістам адвакат. – Нават калі ён сапраўды парушыў правілы дарожнага руху, то прысуд занадта жорсткі. Пешаход парушыў, хоць папракаць яго цяжка. Усім забаронена выбягаць з-за аўто. Усе сумневы мусяць тлумачыцца на карысць кіроўцы».

37-гадовы Андрэй Забабура – пад вартаю з 7 снежня 2012 года. Яго абвінавацілі ў парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула смерць чалавека праз неасцярожнасць (2-я частка артыкулу 317 Крымінальнага кодэксу). 13 лістапада 2012 года ён наехаў на 9-гадовага хлопчыка каля менскай школы № 23. Ад атрыманых траўмаў школьнік загінуў на месцы.

13 лютага пад час судовых спрэчак пракурор Ірына Лапцэвіч запатрабавала 4 гады зняволення ў калоніі-пасяленні. Адвакат Ігар Папкоўскі настойваў на апраўданні Андрэя Забабуры. Пацярпелыя пакінулі вызначэнне пакарання на меркаванне суда.

Судовае следства ў гэтай справе прайшло 11 і 12 лютага ў судзе Фрунзенскага раёну сталіцы.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў