Івацэвіцкі завод ЖБВ: Грошай няма, але ніхто не пратэстуе


Стратны Івацэвіцкі завод жалезабетонных вырабаў далучылі да тутэйшага ПМК-11 (перасоўная механізаваная калона) пасля скаргаў рабочых наконт нізкіх заробкаў. Паводле звестак адміністрацыі, сярэдні заробак на прадпрыемстве складае Br 1 млн 700 тыс., аднак рабочыя кажуць, што атрымліваюць не больш за Br 1 млн 400 тыс.

{movie}Івацэвіцкі завод: Грошай няма, але ніхто не пратэстуе|right|9192{/movie}

Падчас візіту прэсы на завод працаўнікі адкрыта выказваюць незадавальненне адміністрацыяй, аднак ускладаюць спадзяванні, што пасля далучэння да ПМК-11 справы палепшацца: «Я працую кранаўшчыком. Калі дырэктар кажа, што мы зарабляем 1 млн 700 тыс., то я вам скажу, што за снежань зарабіла 1 млн 170 тыс., а ў лістападзе было 1 млн 400 тыс. Нам плоцяць мінімалку, мы і жывем на мінімалку… Хадзілі, падымалі пытанне на гэты конт… І нам ніхто нічога… Стратнае прадпрыемства – значыць, стратнае. Заробак затрымліваюць… Нам патлумачылі элементарна: у нас няма грошай… Нас далучылі да ПМК-11, спадзяемся, стане лепей…»

Іншая працаўніца кажа, што праз такі нізкі заробак фактычна жыве за грошы дачкі: «Як пражыць? Немагчыма пражыць! Мы жывем утрох з дачкою. У мяне два крэдыты, мы з мужам за кватэру плоцім, і ўсё – у нас грошай няма… Таму дачка нам дапамагае…»

Рабочыя крытыкуюць кіраўніцтва, прафсаюз, скардзяцца на жыццё. Аднак пратэставаць не збіраюцца. Працаўнікі гавораць: будуць трываць у спадзяванні, што новае начальства выправіць сітуацыю.

Дырэктар ПМК-11, да якога далучылі завод ЖБВ, Леанід Снарскі, кажа, што пакуль рана гаварыць пра перспектывы, бо пакуль што аб’яднанне прадпрыемстваў толькі афармляецца.

Івацэвіцкі актывіст Станіслаў Халадовіч кажа, што мясцовыя ўлады пайшлі традыцыйным шляхам, далучыўшы стратнае прадпрыемства да больш паспяховага: «Заўсёды, калі прадпрыемству прыходзіць канец, яго проста вешаюць «у нагрузку» да мацнейшага. Не вырашаецца праблема самімі ўладамі, яны проста аддаюць «галаўны боль» дырэктару іншага заводу…»

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў