Класкоўскі: «Гуманізм» Менску залежыць ад таго, як востра «возьме за гарляк» Масква


Пра вызваленне палітвязняў і заходні вектар у беларускай палітыцы разважае ў «Гарачым каментары» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Адмысловец лічыць: адна з прычынаў дазволу ўладаў на выезд з краіны палітзняволенай Ірыны Халіп – журналісцкая салідарнасць. Паводле адмыслоўца, розныя журналісты «білі ў адну кропку», задаючы Лукашэнку тое ж самае пытанне пра магчымасць выезду спадарыні Халіп з Беларусі. Рашэнне ўладаў, на думку эксперта, было прадыктаванае іміджавымі перакананнямі, калі «валадар» Беларусі, паабяцаўшы адпусціць палітзняволеную «на ўсе чатыры бакі», мусіў даказаць, што ў стане даць рады сваім сілавікам.

{movie}Аляксандр Класкоўскі ў “Гарачым каментары”|right|9181{/movie}

Паводле меркавання спадара Класкоўскага, паслабленне для Ірыны Халіп можа быць элементам палітычнага гандлю з краінамі Еўразвязу. Лукашэнка мог бы вызваліць усіх палітвязняў, паводле адмыслоўца, але не зробіць гэтага проста так. «Гаворка ідзе пра цану пытання, кажучы цынічнаю моваю», – падкрэсліў палітычны аглядальнік.

«Менск робіць малыя рэверансікі, бо страшэнна баіцца прагадаць. У іх адзін тавар – палітвязні. Баяцца прагадаць, каб не выкінуць гэты лот тавару», – лічыць госць «Белсату». З другога боку, улады Беларусі ціснуць на рэшту палітвязняў, каб у PR-аўскіх мэтах змусіць іх пакаяцца і напісаць прашэнне аб памілаванні.

Афіцыйны Менск хацеў бы малою крывёю размарозіць дачыненні з Еўразвязам, заўважыў госць «Гарачага каментара». Сустрэчы Макея ў кулуарах з еўрапейцамі сведчаць пра выпрацоўванне кампрамісу уладаў Беларусі з аб’яднанаю Еўропаю. Да гэтага змушае таксама ціск з Усходу, бо афіцыйная Масква патрабуе ад Беларусі продажу прадпрыемстваў і навязвае еўразійскую інтэграцыю.

Паводле эксперта, існуюць, аднак, кволыя пробліскі надзеі, што адносіны Беларусі ды Захаду размарозяцца. «Крыўдна, што гэта гульні лёсамі людзей, сем’яў і, па вялікім рахунку, гэта гульня лёсам Беларусі. Заходняя палітыка Менску, «дабрыня» і «гуманізм» беларускіх уладаў залежаць ад таго, наколькі востра возьме за гарляк Масква», – падсумаваў госць «Белсату».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў