Міністэрства транспарту хоча падняць кошт білетаў у гарадскім транспарце да 1000–1200 руб.


Дзякуючы гэтаму можна будзе вярнуць ільготы пенсіянерам і студэнтам.

Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі звярнулася ва ўрад з прапановаю павысіць тарыфы на праезд у грамадскім транспарце.

“Ёсць рэзалюцыя міністэрстваў эканомікі ды фінансаў адрэгуляваць гэтае пытанне”, – адзначыў намеснік міністра транспарту і камунікацыяў Аляксандр Шышко. Паводле ягонага меркавання, для таго каб транспартныя прадпрыемствы працавалі стабільна, існых тарыфаў (па Менску гэта 700 руб., у іншых гарадах 600 рубл.) не дастаткова. “Калі б сёння ўсталявалі тарыф 1000–1200 рублёў, гэта падцягнула б нашыя прадпрыемствы”, – заявіў ён і паскардзіўся, што калі тарыф нізкі, невялікім застаецца і заробак кіроўцаў. Таму цяпер адбываецца адток кадраў.

Паводле прэсавай сакратаркі міністэрства транспарту і камунікацыяў Алены Саланенкі, у праекце, перададзеным ва ўрад, ёсць прапанова вярнуць ільготы для пенсіянераў і студэнтаў, адабраныя ў снежні 2007 г. Нагадаем, што школьнікі Беларусі маюць права бясплатнага праезду пры наяўнасці спецыяльнай даведкі.

belsat.eu

Стужка навінаў