Ці званіў хто-небудзь у інспекцыю, каб Халіп выпусцілі за мяжу?


Пра юрыдычныя тонкасці дазволу на замежную паездку да мужа Ірыне Халіп “Белсату” распавяла былая адвакатка Андрэя Саннікава, Тамара Сідарэнка.

Учора асуджаную паводле справы аб масавых закалотах журналістку Ірыну Халіп выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Партызанскага РУУСу, дзе яна стаіць на ўліку. Ёй дазволілі сустрэцца ў Лондане з мужам, экс-кандыдатам на прэзідэнцтва Андрэем Саннікавым, і наведаць у Маскве рэдакцыю «Новай газеты», карэспандэнткай якой яна працуе. Паехаць за мяжу яна можа да 3 красавіка.

Чаму дазволілі менавіта цяпер? Двойчы пасля гучных заяваў Лукашэнкі наконт гэтай справы працаўнікі інспекцыі спасылаліся на тое, што выконваюць рашэнне суда. Гэта чарговы раўнд палітычных гандляванняў, лічыць сама журналістка, у абмен на крэдыты і адмену санкцыяў.

Юрыстка Тамара Сідарэнка кажа, што дазвол на выезд выдае не суд, а крымінальна-выканаўчая інспекцыя. Таму ўсё адбылося ў рамках закону. Яна не выключае, што справу «прыспешыў» пэўны тэлефонны званок.

{movie}Тамара Сідарэнка пра дазвол на выезд для Ірыны Халіп|right|9168{/movie}Ірына Халіп не раз звярталася ў інспекцыю з пытаннем, ці можа яна пакідаць межы Беларусі, але станоўчае рашэнне па заяве прынялі толькі цяпер. Хоць яшчэ летась напрыканцы кастрычніка ў інтэрв’ю брытанскай газеце «The Independent» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што палітзняволеная можа ехаць куды заўгодна. Аднак выканаўцы пакарання паведамілі журналістцы, што кіруюцца рашэннем суда, а не нечымі словамі.

Другі раз журналісты паднялі тэму на прэс-канферэнцыі кіраўніка дзяржавы для прадстаўнікоў беларускіх і замежных медыяў. «Халіп адмовілася ехаць, – заявіў у адказ Лукашэнка. – Яна цудоўна разумее, што тут яна – пакутніца. Там – нікому не будзе патрэбная, як і ейны муж, які з’ехаў кудысьці там. Хто пра яго гаворыць акрамя вас? Ды і вы пра яго не гаворыце. Тое ж самае будзе з Ірынаю».

Ірына Халіп падкрэсліла, што гэта не змяняе ейнага статусу арыштанткі (16 траўня 2011 года яе асудзілі на два гады зняволення з двухгадоваю адтэрміноўкаю). Летам яе чакае новы суд.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў