Адвакат Аўтуховіча: Новага тэрміну «прышыць» не мусяць


Павел Сапелка днямі атрымаў ліст ад свайго падапечнага – палітвязня Мікалая Аўтуховіча.

Праўда, падрабязна пераказваць змест адвакат адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што ён датычыць дробных побытавых справаў.

Паводле Паўла Сапелкі, на ўмоўна-датэрміновае вызваленне спадзяванняў няма. Звычайна за парушэнне рэжыму адбывання пакарання ў турму пераводзяць або на 3 гады або да канца тэрміну (як у выпадку Аўтуховіча). Палітвязень мусіў бы двойчы давесці, што стаў на шлях выпраўлення (спачатку – каб яго перавялі з турмы ў калонію, а пасля – вызвалілі).

Затое ёсць спадзяванні, што спадар Аўтуховіч не атрымае новага тэрміну. Калі вязня перавялі ў турму, папулярны ў такіх выпадках артыкул 411 «Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» можна выкарыстаць толькі цягам 1-га года. Гэты тэрмін ужо мінуў. На волю ён мае выйсці ў красавіку 2014 года.

{movie}Дакментальны фільм «Афган», зняты “Белсатам”|right|9165{/movie}Апошні раз палітзняволены пісаў адвакату месяц таму – пра тое, што яму трэба зрабіць стаматалагічнае пратэзаванне. Праблемы з зубамі кепска ўплываюць на страўнік і агульны стан здароўя, падарваны падчас галадовак. Дзеля таго, каб правесці такую складаную працэдуру ва ўмовах турмы і курс рэабілітацыі пасля яе, трэба згода адміністрацыі. Магчыма, палітвязня трэба будзе вывезці за межы ўстановы.

Сёння, 15 лютага, адзначаецца гадавіна сканчэння Афганскай вайны. За ахову мосту пад Кандагарам і ўдзел у іншых аперацыях спадара Аўтуховіча ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі, 2 медалямі – «За адвагу» і «За баявыя заслугі». 7 лютага палітвязень адзначыў сумную гадавіну: 4 гады зняволення, а 7 студзеня – 50-ты дзень народзінаў.

«Белсат» у 2009 годзе зняў фільм «Афганец» пра ветэранаў афганскай кампаніі, у якім узяў удзел Мікалай Аўтуховіч. Гэты ды іншыя фільмы даступныя ў нашым фільмавым архіве.

Храналогія пераследу

Упершыню Мікалая Аўтуховіча зняволілі 15 кастрычніка 2005 года на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама – у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі ды атрымання ліцэнзіі. Праваабаронцы звярталі ўвагу на шматлікія парушэнні падчас працэсу. Пасля жорсткіх эканамічных санкцыяў ЗША ды Еўразвязу Аўтуховіч выйшаў на свабоду.

Другі раз Аўтуховіча арыштавалі 8 лютага 2009 года. У траўні наступнага года Вярхоўны Суд Беларусі прыгаварыў яго да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму за захоўванне 5 набояў да паляўнічай стрэльбы.

17 снежня мінулага года суд прызнаў палітвязня «зацятым парушальнікам рэжыму», з Івацэвіцкай калоніі яго перавялі ў Гарадзенскую турму.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў