Таісія Кабанчук: Людзі з прыкметамі інтэлекту на тварах падтрымліваюць палітвязняў


Пра ініцыятыву падтрымання палітвязняў расказвае ў «Гарачым каментары» актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з Бабруйску Таісія Кабанчук.

{movie}Таісія Кабанчук у “Гарачым каментары” |right|9148{/movie}

Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў супрацы з Аб’яднанаю грамадзянскаю партыяй і незалежнымі прафсаюзамі распачалі кампанію «Хваля салідарнасці». Яе мэта – падтрыманне беларускіх палітвязняў ды інфармаванне колаў грамадства пра лёс тых, хто за свае перакананні трапіў у турму.

Таісія Кабанчук расказала, што ў Бабруйску актывісты на вуліцах размаўлялі з мінакамі ды прасілі бабруйчанаў падпісаць паштоўкі да палітзняволеных. Шмат якія беларусы нічога не ведалі пра палітвязняў, але ахвотна пісалі пасланні да іх за краты.

Паводле дзяячкі, беларусы не цікавяцца палітыкаю, а проста жывуць сваймі звычайнымі клопатамі. «Іх больш цікавяць цэны ў магазінах, як зарабіць больш грошай, як пракарміць і вывучыць сваіх дзяцей», – падкрэсліла прадстаўніца БХД.

Актывістка мяркуе, што, калі людзі бачаць шчырасць і глыбокія эмоцыі ў вачах актывістаў, і далучаюцца да ініцыятывы. Былі, праўда, выпадкі, калі беларусы казалі: «Звяжашся з палітычнымі, то і цябе сатруць з твару зямлі». Актывістка лічыць, што гэткім чынам праяўляецца страх, нагнаны на беларусаў за гады панавання недэмакратычнага рэжыму.

Паводле спадарыні Кабанчук, больш адукаваныя людзі ахвотна далучаюцца да ініцыятывы падтрымання палітзняволеных: «Людзі з прыкметамі інтэлекту і адукацыі ставяцца да гэтага з разуменнем».

У супольным змаганні ўсіх беларусаў мусіць аб’яднаць любоў, якая зможа парваць путы страху і адчыніць брамы турмаў для несправядліва асуджаных, лічыць хрысціянская дэмакратка.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў