Кіроўца «Поршэ Каена» папрасіў прабачэння і паабяцаў дапамогу маці хлопчыка


Пракурор патрабуе для абвінавачанага 4 гады зняволення ў калоніі-пасяленні. Адвакат просіць апраўдаць Андрэя Забабуру. Пацярпелыя пакінулі вызначэнне пакарання на меркаванне суда. Прысуд абвесцяць 15 лютага.

***

«Маральна я вінаваты»

13 лютага ў судзе Фрунзенскага раёну Менску прайшлі судовыя спрэчкі ў справе кіроўцы, які збіў хлопчыка каля школы № 23. Падчас апошняга слова ў абвінавачанага тросся ў руках падрыхтаваны аркуш паперы з напісанаю прамоваю.

«Маральна я вінаваты, што стаў прычынаю гэткай трагедыі, – прызнаўся Андрэй Забабура. – Я прашу прабачэння ў мамы, бабулі ды дзядулі загінулага дзіцяці. Я перажываю ўсё, як сваю асабістую трагедыю. Алена, я абяцаю Вам, што ў меру магчымасці буду дапамагаць Вам».

Як кіроўца Андрэй Забабура не прызнаў сябе вінаватым. У апошнім слове ён казаў пра «ідыёцкі стэрэапыт, што пешаход заўжды мае рацыю». «Нават нас гэтак не выхоўвалі, хоць тады машынаў было нашмат меней», – прачытаў з карткі Андрэй Забабура.

***

«Ён аказаў дапамогу маці хлопчыка»

Адвакат Ігар Папкоўскі даказваў невінаватасць свайго падабароннага. «Каб хоць неяк змякчыць адказнасць, ён зрабіў усё магчымае. Забабура на сваё ўласнае жаданне аказаў дапамогу маці хлопчыка, – выступаў адвакат. – Я як адвакат ацэньваю гэтую суму як досыць высокую, бо ведаю з практыкі, якія сумы пералічаюцца ў якасці маральных кампенсацыяў [Андрэй Забабура перадаў Алене Грудзьевай Br 200 млн. – «Белсат»]. Калі хтосьці скажа «адкупіўся грашыма», гэта не так. Гэта адзінае, што ён можа зрабіць».

Абаронца Забабуры спасылаўся на заключэнні адмыслоўцы Аляксандра Канапліцкага. Эксперыменты крыміналістаў адвакат лічыць недакладнымі. У сваім слове Пакоўскі папрасіў дзяржаўнага абвінаваўцу навукова абвергнуць сведчанні Канапліцкага, а не «галаслоўна казаць пра ягоную некампетэнтнасць».

«Не было падсякання ног хлопчыка, – заўважыў абаронца. – Машына яго штурхнула – ён упаў. Каб аўто спынілася, яно мусіла праехаць яшчэ тры метры. Гэта не той выпадак, калі кіроўца нясецца з хуткасцю 100 км/г і збівае пешахода».

***

«Загінуў не аб’ект, а дзіця»

Маці, бабуля і дзядуля загінулага школьніка пакінулі права апошняга слова сваёй прадстаўніцы – адвакату Ксеніі Кобаса.

«Нас папракалі ў эмацыйнасці. Гэта справа не можа быць без эмоцый і псіхалагічных складнікаў, – адзначыла адвакат. – Загінуў не «аб’ект, які хаатычна рухаўся», а дзіця – асоба са сваймі інтарэсамі. Я не разумею, чаму абарона хадайнічала пра немэтазгоднасць далучэння да справы характарыстык Уладзя Грудзьева. Нельга не прымаць да ўвагі боль, які ляжыць на маіх давяральніках».

Ксенія Кобаса заклікала суд не класці ў аснову пастановы заключэнні адмыслоўцы Аляксандра Канапліцкага: «Нам падаліся абсурднымі меркаванні, што на месцы здарэння не дзеялі «Правілы дарожнага руху». Што да магчымасці ўсведамляць, што гэта небяспечнае для кіроўцы месца, гэтага даказваць не трэба. Каля школы ў любую хвіліну могуць бегаць дзеці. Для любога чалавека зразумела гэта. Для гэтага не трэба вешаць знак «Дзеці».

***

Пракурор: 4 гады мяккай “зоны”

Пракурор Ірына Лапцэвіч запатрабавала пакараць Андрэя Забабуру 4 гадамі калоніі-пасялення з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанаю з кіраваннем транспартавых сродкаў на 5 гадоў. Абвінавачанне лічыць, што доказаў віны дастаткова.

«Няма неабходнасці казаць пра абсурднасць і непраўдзівасць вынікаў. Кіроўца меў магчымасць бачыць хлопчыка за 3 секунды, – Лапцэвіч спаслалася на высновы крыміналістаў. – Ён мусіў знізіць хуткасць да спынення аўто, як таго патрабуюць правілы».

Пракурор дадала, што падсудны не прызнаў сваёй віны, блытаўся ў паказаннях, раней ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР [Забабура меў штрафы за перавышэнне хуткасці і аднойчы за тое, што пакінуў месца ДТЗ – «Белсат»]. Усё гэта, паводле абвінавачання, сведчыць не на карысць абвінавачанага.

13 лютага суддзя Юлія Блізнюк адхіліла хадайніцтвы адваката Ігара Папкоўскага аб змене меры ўтрымання абвінавачанага Андрэя Забабуры і аб прызначэнні новай экспертызы на месцы здарэння.

***

Падсудны сам мае сям’ю і дзяцей

Ігар Папкоўскі даводзіў, што падсудны мае дваіх малых дзяцей, ягоная жонка – у дэкрэтным адпачынку і патрабуе дапамогі мужа. Фірма, якую ачольвае абвінавачаны, накіраваная на экспарт, прыносіць валюту ў бюджэт, а адсутнасць кіраўніка дэзарганізуе яе працу. Суд не палічыў важкімі аргументамі для вызвалення пад падпіску аб нявыездзе тое, што падсудны мае месца сталага жыхарства, не хаваецца ад следства і добраахвотна аказаў матэрыяльную дапамогу пацярпелым.

«Неабходна высветліць час, за які з’явіўся пешаход, і даць гэтаму ацэнку», – настойваў у сваім хадайніцтве адвакат. Ігар Папкоўскі прасіў прызначыць аўтатэхнічную экспертызу шляхам графічнага мадэлявання на маштабнай схеме. На ягоную думку, у следчым эксперыменце на месцы здарэння недакладна ўлічаная адлегласць паміж аўтамабілямі, якія стаялі каля школы. Гэта магло б дапамагчы высветліць, бачыў абвінавачаны хлопчыка заранёў ці не.

37-гадовы Андрэй Забабура – пад вартаю з 7 снежня. Ён абвінавачваецца ў парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула смерць чалавека праз неасцярожнасць (2-я частка артыкула 317 Крымінальнага кодэксу). 13 лістапада 2012 года ён наехаў на 9-гадовага хлопчыка каля менскай школы № 23. Ад атрыманых траўмаў школьнік загінуў на месцы.

Судовае следства ў гэтай справе прайшло 11 і 12 лютага ў судзе Фрунзенскага раёну сталіцы.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары