Беларусь пазычыла ў Еўропы яшчэ $ 800 млн.


Хоць Аляксандр Лукашэнка завіў, што “ніякіх вонкавых пазыкаў пад вялікія адсоткі быць не павінна”.

Міністэрства фінансаў Беларусі размясціла чарговую порцыю еўрааблігацыяў. Іх выпусцілі на суму $ 800 млн. Аблігацыі былі купленыя па стаўцы 8,95%. Праз 7 гадоў Беларусь павінна будзе вярнуць $ 1,45 млрд.

Арганізатарамі выпуску еўрааблігацыяў выступілі вядучыя банкі кантыненту, сярод іх “Deutsche Bank”, “The Royal Bank of Scotland” і “Сбербанк” Расеі.

Ці высокая стаўка беларускіх аблігацыяў? У якасці кропкі адліку выступаюць дзяржаўныя аблігацыі, якія размяшчаюцца пад 2,2 % гадавых. Гэта ўжо трэці выпуск беларускіх аблігацыяў. Першыя размяшчаліся са стаўкаю купона 8,75 % на пяць гадоў, другія – 8,25% таксама на пяць гадоў. Цяпер беларусам давядзецца аддаваць найбольшую суму, праўда, гэтым разам – праз 7 гадоў.

Незалежны эканаміст Ігар Пеліпась звяртае ўвагу на заявы Аляксандра Лукашэнкі двухдзённай даўніны. 18 студзеня кіраўнік дзяржавы заявіў, што “ніякіх замежных дурных запазычанняў пад вялікія працэнты быць не трэба”. “Гэтае размяшчэнне аблігацыяў было запланаванае яшчэ да словаў Лукашэнкі, яшчэ нават да падзеяў 19 снежня. У найбліжэйшы час Беларусь наўрад ці атрымае новыя еўрапейскія грошы”, – мяркуе эканаміст.

Яшчэ адна крыніца – продаж прадпрыемстваў. Як адзначае эканаміст Сяргей Чалы, улічваючы сітуацыю на сусветным рынку, надыйшоў добры момант для продажу 25% акцыяў “Беларуськалію”, мова пра які ўжо вялася. Цяпер за іх можна было б атрымаць 7-8 млрд. долараў. Аднак іх, улічваючы пазыкі, хапіла б прыкладна на год. Што ж датычыць іншых прадпрыемстваў, дык да іх інтарэс праяўляе Расея. Але калі пакупка і адбудзецца, дык толькі з адною мэтаю – знішчыць канкурэнта, падкрэслівае Сяргей Чалы.

Паводле яго, адзіны спосаб, які дазволіў бы жыць па сродках без неабходнасці прадаваць прадпрыемствы і залазіць у знешнія пазыкі, – гэта дэвальвацыя. І адразу заўважае, што беларускі ўрад не пойдзе сёння на такія непапулярныя захады. Аднак чым больш мы будзе адцягваць “лячэнне” эканомікі, тым больш балесным яно будзе.

belsat.eu

Стужка навінаў