«Рособоронэкспорт»: Экспарт зброі ў Сірыю будзе працягнуты


«У дачыненні Сірыі мы выконваем свае папярэднія абавязкі наконт экспарту ваеннай тэхнікі. Але гэтая тэхніка не – тэхніка наступальнага характару», – заявіў дырэктар «Рособоронэкспорта» Анатоль Ісайкін.

За 2011 год Расея экспартавала ў Сірыю вайсковай тэхнікі на суму больш за $ 1 млрд. Інфармацыі пра экспарт зброі пасля таго, як у Сірыі распачалося ўзброенае супрацьстаянне апазіцыі ды ўраду Башара аль-Асада, не падаецца. Невядома таксама, якая зброя з Расеі трапляла ў распараджэнне дыктатара: «Рособоронэкспорт» пазбягае канкрэтных лічбаў і назваў. «Мы не экспартавалі ні бронетэхніку, ні авіяцыйную тэхніку, ні ўдарныя верталёты ці транспартавыя баявыя верталёты. У асноўным гэта былі сродкі супрацьпаветранай абароны», – падкрэсліў Анатоль Ісайкін.

{movie}Бамбардыроўкі і вулічныя баі ў Сірыі|right|9142{/movie}

Кіраўнік кампаніі настойвае на тым, што Расея не экспартуе ў Сірыю зброі, якую б можна было выкарыстоўваць у наступальных мэтах. У 2012 годзе Асад мусіў атрымаць паводле кантракту 36 навучальна-баявых самалётаў «Як-130». «Аўтарытэтна магу заявіць, што туды за гэты час ніводзін верталёт не экспартаваны. Ні баявы, ні адрамантаваны, ні паводле старых, ні паводле новых кантрактаў. Тое ж самае датычыць і баявой авіяцыі», – заявіў Ісайкін.

Анатоль Ісайкін назваў «поўнаю лухтою» інфармацыю пра тое, што, нібыта, Расея магла паставіць Асаду тактычна-ракетныя комплексы «Искандер».

Расея (а раней – СССР) была адным з галоўных пастаўнікоў зброі для СірыіРасея (а раней – СССР) была адным з галоўных пастаўнікоў зброі для СірыіЧым ваюе Асад?

Паводле афіцыйнае інфармацыі, узброеныя сілы Сірыі карыстаюцца ваеннаю тэхнікаю пераважна савецкай вытворчасці – гэта датычыць як авіяцыі, так і сухапутных сілаў. Паводле неафіцыйнае інфармацыі, на тэрыторыі Сірыі – некалькі зенітна-ракетных комплексаў «С-300», якія могуць, зрэшты, выкарыстоўвацца выключна для абароны расейскай вайсковай базы.

У снежні 2012 года сірыйскія паўстанцы апублікавалі відэа, паводле якога праўрадавыя сілы Сірыі скідваюць на горад Дэйр эз-Зор касетныя бомбы. Паўстанцы прадэманстравалі дробныя бомбы, што не выбухнулі, і рэшткі вялікіх авіябомбаў з надпісамі па-расейску. Раней пра выкарыстанне супраць апазіцыі касетных бомбаў расейскай вытворчасці заяўляла праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch».

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў