Месяц пасля выбараў: Беларусь у стане ціхай грамадзянскай вайны


Сітуацыю каментуюць палітолаг Валер Карбалевіч і экс-кандыдат на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі.

Падводзячы вынік праз месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў, можна зрабіць выснову: раскол у грамадстве паглыбіўся. Так мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч. “Сёння краіна знаходзіцца ў стане ціхай халоднай грамадзянскай вайны, калі людзі з процілеглымі поглядамі ставяцца адзін да аднаго вельмі варожа”, – кажа ён.

Паводле эксперта, зменшылася рэальнае падтрыманне грамадствам існай улады: “Гэта выявілася і падчас выбараў, і пасля, па хвалі салідарнасці, па выказваннях на інтэрнэт-форумах”. Ён мяркуе, што пасля таго, як крымінальную справу па падзеях 19 снежня закрыюць, хваля рэпрэсіяў спадзе, але гэта не значыць, што яны спыняцца – проста набудуць перманентны характар.

Пра раскол у грамадстве і зніжэнне падтрымання рэжыму з боку насельніцтва кажа і экс-кандыдат на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі: “На гэтых выбарах дасягнуты вынік, якога не ўдавалася атрымаць ні ў 2001, ні ў 2006 гадах. Нягледзячы на вялікую колькасць дэмакратычных кандыдатаў, вынік нашмат лепшы. Большасць беларусаў падтрымалі дэмакратычных кандыдатаў. Такога ніколі не было раней. Тое, што адбылося 19-га і пасля 19-га, думаю, было нечаканасцю і для ўладаў і, магчыма, для апазіцыі. Большасць людзей ужо не верыць [беларускаму дзяржаўнаму] тэлебачанню, прапаганда ўжо не спрацоўвае. Можна сказаць, што грамадства стала іншым”.

Пры гэтым знакавым момантам, як прызнаецца палітык, для яго было ўражанне ад перадачы “Права человека. Взгляд в мир”, паказанай па тэлеканале “Лад”: “Там усхвалялі Сталіна, і вядоўца параўноўваў Аляксандра Лукашэнку са Сталіным. Калі краіна пойдзе па такім шляху, дык гэта самы небяспечны шлях найперш для ўлады, бо ён абсалютна ірацыянальны. Сёння ні Сталін, ні сталінскія метады, ні Савецкі Саюз не падтрымліваюцца абсалютнай большасцю грамадства”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў