Замежныя паездкі для чыноўнікаў, адказных за знікненні, могуць скончыцца арыштам


Фармальна ўзяць пад варту і пакараць чыноўнікаў, датычных знікненняў палітыкаў, могуць у дзясятках краінаў свету.

Паводле юрыста Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйлы, сёлета грамадскасць, сваякі пацярпелых і юрысты мусяць зрабіць усё, каб скончылася расследаванне ў справах зніклых і вінаватыя паўсталі перад судом. У 2014 годзе сканчаюцца 15-гадовыя тэрміны даўнасці ў справах Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага, што дазволіць беларускім уладам спісаць іх у архіў. За выкраданне Дзмітрыя Завадскага пакаралі чатырох, аднак пытанні ўсцяж застаюцца.

Калі гэтым і скончыцца, заўважае спадар Паганяйла, існуе міжнародны механізм пакарання вінаватых – універсальная крымінальная юрысдыкцыя. Яна распаўсюджваецца на злачынствы, у пакаранні за якія зацікаўленая ўся міжнародная супольнасць: генацыд, ваенныя злачынствы, катаванні, тэракты, пазасудовыя пакаранні смерцю, выкраданне людзей, якія сканчаюцца іхным знікненнем. Паводле сусветнай праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» («Amnesty International»), 125 з 194 краінаў свету распаўсюджваюць універсальную юрысдыкцыю прынамсі на адно з пералічаных злачынстваў.

{movie}Завадскі, Захаранка, Ганчар – рэдкія кадры з нашага дакументальнага фільму «Вясна»|right|9123{/movie}Зразумела, гаворыць Гары Паганяйла, што дзеля таго, каб пакараць вінаватых у знікненнях беларусаў, краінам трэба палітычная воля: «Калі ўлады спішуць справы зніклых у архіў, у шэрагу краінаў, магчыма, узнікне сітуацыя, у якой універсальную міжнародную юрысдыкцыю скарыстаюць. Я не выключаю такіх краінаў, як Нямеччына, Нідэрланды, Бельгія, Іспанія, Украіна, Вялікая Брытанія ды шэраг іншых».

{movie}Гары Паганяйла пра міжнародную юрысдыкцыю|right|9124{/movie}У тым, што знікненні Віктара Ганчара, Дзмітрыя Завадскага, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага былі палітычна матываваныя, Гары Паганяйла не мае сумневаў: «Мы зыходзім з таго, што ўсе агульнакрымінальныя версіі расследаваныя і не знайшлі пацверджання. Засталася нерасследаваная адна працоўная версія – палітычна матываваная: датычнасць вышэйшых службовых асобаў дзяржавы да выкраданняў вядомых людзей у беларускай палітыцы. Затым настала іхнае знікненне. Мы не выключаем і іхнай фізічнай ліквідацыі з палітычнага поля. Гэта гаворыць пра больш цяжкія злачынствы – пазасудовыя пакаранні смерцю».

Сёння юрысты, праваабаронцы і сваякі загінулых сабраліся на круглы стол, зладжаны Аб’яднанаю грамадзянскаю партыяй.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў