«Ні хлопчык кіроўцу, ні кіроўца хлопчыка бачыць не маглі» (абноўлена)


У судзе Фрунзенскага раёну Менску працягваецца разгляд справы кіроўцы «Поршэ Каен».

Апыталі сведку Фаміну. Увечары 13 лістапада яна падвозіла да школы свайго знаёмага і чакала яго ў сваёй машыне. Яна ўбачыла, як чорнае аўто паехала да яе насустрач і раптам рэзка затармазіла.



«Я думала, што кіроўца выйшаў пасварыцца на дзяцей, якія туды-сюды бегалі праз дарогу. Нехта пачаў плакаць, я падышла да таго месца. Не бачыла, каб дзіця бегла праз дарогу і яго збілі. Была апраметная цемра»
, – распавяла сведка.

У судзе абвешчаны перапынак да 14 гадзіны

***

Якім быў час рэакцыі кіроўцы?

На пачатку паседжання дапыталі двух 9-гадовых сведак Рамана Казака і Яраслава Шаўковіча. 13 лістапада гэтыя аднакласнікі Уладзя Грудзьева, як і дапытаныя ўчора Матвей Мілашэўскі і Яўген Субат, пасля заняткаў гулялі з ім на дварэ. Пытанні з боку абвінавачвання, абароны і прадстаўніцы пацярпелых былі тыя самыя. Адказы хлопчыкаў фактычна не адрозніваліся ад сведчанняў сяброў. Хлопчыкі бегалі, не звяртаючы ўвагі на машыны. Раптоўна ўбачылі Уладзя, калі той ужо ляжаў пад аўто. Кампанія спалохалася і разбеглася.

Дапыталі судмедэксперта, заключэнні якога фігуруюць у пісьмовых матэрыялах справы. Пракурор зачытала іх учора. На хадайніцтва адваката ў суд запрасілі эксперта Аляксандра Канапліцкага. Ён займаецца расследаваннем абставінаў ДТЗ з 1971 года і мае адпаведную ліцэнзію. Заключэнні ягонай экспертызы адвакат Ігар Папкоўскі зачытваў каля 30 хвілінаў. Яшчэ даўжэй эксперт адказваў на пытанні прадстаўніцы пацярпелых, суддзі, пракурора і адваката.



Аляксандр Канапліцкі
сцвярджае, што кіроўца не меў магчымасці бачыць пешахода, бо ён схаваўся за прыпаркаванымі аўтамабілямі. З гэтай жа прычыны хлопчык таксама не мог заўважыць святло фараў «Поршэ Каена».

«Мінімальны час, за які яны маглі заўважыць адзін аднаго, – максімум 0,3 секунды. Час, які патрэбны кіроўцу аўто, каб толькі ўбачыць небяспеку (я не кажу пра час адэкватнай рэакцыі), – 0,6 секунды. Пра гэта пішуць усе медычныя крыніцы», – аргументаваў эксперт.

***

Ці можна было ўязджаць на тэрыторыю школы?

Адно з пытанняў суддзі: ці можна аднесці аўто прыватнай асобы да ведамственнага аўто? Нагадаем, падсудны заехаў на тэрыторыю школы пад знак «Рух забаронены».

«Знак «Рух забаронены» – не распаўсюджваецца на транспарт грамадзян, якія пражываюць у зоне дзеяння знаку. Што лічыць зонаю дзеяння? Гэта агаворанае ў «Правілах». Да яе можна аднесці ўвесь квартал. Калі я еду пад знак – я парушаю, калі заеду на гэтую дарогу іншым шляхам – то не парушаю. Знакі мусяць стаяць на ўсіх пад’ездах да школы», – сцярджае Аляксандр Канапліцкі.

Заслухалі загадчыка аддзелу тэхнічных экспертызаў экспертна-крыміналістычнага цэнтру МУСу Леаніда Плескацэвіча. Ён падтрымаў высновы, якія фігуруюць у пісьмовых матэрыялах справы. Пытанні адваката датычылі часу рэакцыі кіроўцы. «Хлопчык стаў бачны за 3 секунды. Гэта вынікае са следчага эксперыменту», – адказаў Плескацэвіч.

Адмыслоўца Аляксандр Канапліцкі задаў пытанне, ці карыстаўся крыміналіст медычнымі даследаваннямі наконт часу, які неабходны кіроўцу, каб заўважыць небяспеку і адпаведна адрэагаваць. Плескацэвіч адказаў, што карыстаўся метадычнымі рэкамендацыямі для крыміналістаў 1989 года выпуску. Даследаванні, пра якія кажа Канапліцкі, яму не вядомыя.

***

“Жыццё дзіцяці – неацэннае

Прадстаўніца пацярпелых Ксенія Кобаса пахадайнічала, каб крыміналісту далі магчымасць азнаёміцца з вынікамі альтэрнатыўнай экспертызы. Суддзя на гэтым этапе працэсу адхіліла яе.

Прадстаўніца пацярпелых пахадайнічала пра далучэнне характарыстык загінулага хлопчыка да матэрыялаў суда. Ксенія Кобаса прынесла характарыстыкі з секцыі тэквандо, школы мастацтваў і 23-й школы.

Загінулага Уладзя Грудзьева характарызуюць як актыўнага і добразычлівага. Намагаўся выконваць заданні трэнераў, зважаў на заўвагі настаўнікаў. Быў у добрых адносінах з аднакласнікамі ды сябрамі з спартовай секцыі. Выхоўваўся ў няпоўнай сям’і: толькі з маці, з дапамогаю бабулі і дзядулі.

«Рэдкі выпадак, калі збіраюць характарыстыкі на загінулага хлопчыка, – сказаў адвакат Ігар Папковіч. – Жыццё дзіцяці – неацэннае. Не мае значэння, якое месца ён заняў на спаборніцтвах. Гэта не ацягчальныя абставіны для падсуднага. Мяркую, было немэтазгодна збіраць характарыстыкі. Няма неабходнасці імі пацвярджаць каштоўнасць жыцця».

Суд далучыў характарыстыкі Уладзя Грудзьева да справаў суда.

***

Новай экспертызе – не

Суддзя запытала бакі пра мэтазгоднасць прызначэння новай экспертызы на месцы здарэння. Пракурор выказалася супраць, бо лічыць вычарпальнымі звесткі зробленага даследавання. Прадстаўніца пацярпелых таксама не бачыць патрэбы ў новай экспертызе: «Мы ў некаторай ступені не давяраем запрошанаму адмыслоўцу».

Адвакат падсуднага хадайнічаў пра змену меры стрымання абвінавачанага. Пракурор выказалася супраць, прадстаўніца пацярпелых пакінула гэтае рашэнне на меркаванне суда.

Суддзя выйшла ў дарадчы пакой. Наступнае паседжанне адбудзецца 13 лютага а 10-й гадзіне.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў