Бабруйчане і палітвязні. „Такое магло быць у вайну, але не ў наш час!”


Мясцовыя актывісты выйшлі на вуліцы Бабруйску з прапановаю да мінакоў падпісаць паштоўку палітвязням. У адказ некаторыя кідаліся наўцёкі.

У межах кампаніі «Хвалі салідарнасці» з палітзняволенымі, абвешчанай БХД у лютым, сябры мясцовай дэмакратычнай рады вырашылі падтрымаць “свайго” палітвязня – бабруйчаніна Яўгена Васьковіча. Тым больш, што 26 лютага маладзёну споўніцца 23 гады. Гэты будзе ўжо трэці дзень народзінаў, які Яўген сустракае за кратамі магілёўскай турмы.

Галіна Смірнова - адна з каардынатараў акцыі. фота belsat.euГаліна Смірнова – адна з каардынатараў акцыі. фота belsat.euБабруйскія актывісты падыходзілі да мінакоў з пытаннем, ці ведаюць яны пра тое, што ў Беларусі ёсць палітвязні, паказвалі партрэты асуджаных на зняволенне паводле палітычных матываў, асабліва распавядалі пра Яўгена Васьковіча і прапаноўвалі напісаць для яго на паштоўцы некалькі словаў пажаданняў ці падтрымання.

Пераважная большасць адказвала, што не ведаюць, хто такія палітвязні, ніколі пра іх не чулі ды нідзе не чыталі. Ці, што гэта іх не цікавіць, бо стае сваіх праблемаў. Адзін мужчына здзівіўся: «Такое магло быць у вайну, ці яшчэ калі, але толькі не ў наш час!». Другі, гледзячы на партрэты палітвязняў, запытаўся: «А ўвогуле, за што яны ўсе змагаюцца і чаму яны ў турме?»

Шмат хто насцярожана пытаўся, з якою мэтаю праводзіцца акцыя, ці не будзе для іх нейкіх наступстваў, калі падпішуць паштоўку. Адна маладая дзяўчына пазнала Яўгена на фотаздымку – яна вучылася з ім у школе. Пра паштоўку яна спыталася: «Працую ў вайсковых структурах. Ці не будзе ў мяне потым нейкіх праблем?»

Сталая жанчына з цікаўнасцю паслухала аповед пра палітвязняў, але падпісаць паштоўку адмовілася: «Не магу. Гэта адаб’ецца на працы майго мужа. Яго ўжо аднойчы выклікалі ў КДБ». На тое, што паштоўка можа быць цалкам ананімнаю, жанчына адказала, што лічыць, калі трэба – і паводле почырку знойдуць: «У нас усё, што тайнае і ананімнае, становіцца яўным».

А два маладыя хлопцы ўвогуле кінуліся ўцякаць. Адзін з іх абярнуўся і патлумачыў: «Праз гэтых палітычных і знікнуць можна без вестак, і з твару зямлі сатруць, і ніхто не знойдзе».

Актывісты таксама сустрэлі маладзёна, які паўгода таму сам адбываў пакаранне ў магілёўскай турме, і чуў, што там сядзяць і зняволеныя «за палітыку». Але паштоўку ён падпісаць адмовіўся, запытаўшыся: «А мяне потым праз гэта туды назад не адправяць?»

Фота belsat.euФота belsat.eu«Мы хацелі, каб бабруйчане ведалі, што ў нас ёсць палітвязні. І хоць мы не здолеем ахапіць усіх людзей, але ж тыя, каго мы сустрэнем, каму раскажам, – потым распавядуць дома, знаёмым, на працы….Шмат хто ўвогуле не ведае пра палітзняволеных. Так, людзі рэагуюць па-рознаму. Нехта абыякава, лічу, што з прычыны няведання ўсяго. Але ж мы сустрэлі і тых, хто спачувае Жэню. Я лічу, што гэтая акцыя – правільная і патрэбная».
распавядае адна з каардынатараў акцыі Галіна Смірнова,

Яўген Васьковіч нарадзіўся 26 лютага 1990 года. Жыў у Бабруйску, навучаўся завочна на журналісцкім аддзяленні філалагічнага факультэту Магілёўскага ўніверсітэту імя Куляшова. Працаваў у газеце «Бабруйскі кур’ер». У траўні 2011 года яго асудзілі за спробу падпалу будынку бабруйскага КДБ на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Цяпер ён адбывае пакаранне ў турме № 4 г. Магілёва. Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае, што ў ягоным учынку прысутнічаюць прыкметы правапарушэння, але лічыць, што вынесенае пакаранне празмернае і што Яўген ужо адбыў дастатковы для здзейсненага ўчынку тэрмін, і далейшае ўтрыманне яго ў няволі палітычна матываванае. Таму беларуская дэмакратычная супольнасць уключае Яўгена ў спіс адзінаццаці палітвязняў, якія дагэтуль застаюцца за кратамі.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары