Ядравыя выпрабаванні Паўночнай Карэі выклікалі землятрус


Пхеньян ізноў бразгае зброяй і пагражае ўсім ідэалагічным ворагам; войска Паўднёвай Карэі прыведзенае ў павышаную баявую гатовасць.

Ва ўчорашнім выданні навінаў Паўночнай Карэі паведамлялася пра мабілізацыю войска і трэцяе паспяховае ядравае выпрабаванне.

{movie}Зварот палітбюро Паўночнай Карэі да войска|right|9116{/movie}

«Палітбюро заклікае Карэйскую народную армію быць у максімальнай гатовасці да бою, каб адказаць сотняй магутных удараў нават на адну правакацыю. Бюро падкрэсліла, што войска мусіць быць гатовым на першы загад разграміць аплот агрэсіі ды знішчыць злачынцаў – амерыканскіх імперыялістаў і паўднёвакарэйскія марыянетачныя арміі да апошняй асобы – і такім чынам здзейсніць гістарычную справу яднання Радзімы», – цытавала дыктарка загад Палітбюро.

Прычынаю гэткіх пагрозаў сталі заклікі Сеула да чарговага ўзмацнення санкцыяў з боку ААН у адказ на ядравыя выпрабаванні і запуск балістычнай ракеты далёкага радыусу дзеяння. Раней кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ун выдаў загад аб правядзенні ядравага выпрабавання і запуску шэрага ракет, якія будуць нацэленыя на ЗША, і ўвёў у краіне ваеннае становішча.

Як стала вядома, у выніку ўчорашніх выпрабаванняў на тэрыторыі КНДР узніклі падземныя штуршкі сілаю 5,1 балы паводле шкалы Рыхтэра.

Не ў захапленні ад гэткіх дзеянняў Пхеньяну і Японія. Токіа таксама абвесціла пра «поўную гатовасць адпаведных службаў». У сувязі з чарговым ядравым тэстам будзе скліканае надзвычайнае паседжанне Рады бяспекі ААН.

Летась у снежні Паўночная Карэя паспяхова запусціла ракету «Ынха-3». Яе дальнасць дасягае 10 тыс. км і ракета можа даляцець нават да Сан Францыска.

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў