Калі вы прапусцілі штосьці важнае, альбо не маеце часу на прагляд усёй стужкі навінаў – кароткае падсумаванне падзеяў у Беларусі і свеце. Якім быў гэты дзень вачамі нашых журналістаў.
{movie}Вынікі дня (11.02.2013)|right|9114{/movie}
АДСТАЎКА ПАПЫ РЫМСКАГА
Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI пакіне сваю пасаду 28-га лютага. Прычынаю сыходу ён назваў недахоп сілаў, абумоўлены ўзростам. Апошні выпадак адстаўкі Папы адбыўся ажно ў 1415 годзе, калі выракся Рыгор XII.
ЗА КРАТЫ – ЗА ХАБАР
Да 14-ці гадоў пазбаўлення волі за хабарніцтва асудзілі Ігара Васільева – колішняга першага намесніка старшыні Менскага гарвыканкаму. Былы дзяржслужбовец віны не прызнае, а прысуд будзе абскарджваць.
СУПРАЦЬ САЮЗНАГА ЗАКОНУ?
Лідары найбуйнейшых прафсаюзных аб’яднанняў Расеі ды Беларусі ў пісьмовай форме звярнуліся да кіраўнікоў сваіх краінаў: “Падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэт № 9 фактычна ўводзіць у адной з частак Саюзнай дзяржавы прымусовую працу”.
ПАКАЯЎСЯ
Абвінавачаны ў збіванні кантралёркі Людмілы Шахліной мужчына пазбег турэмнага зняволення. Наваполацкія следчыя адзначаюць добрыя характарыстыкі хлопца на вучобе і працы, а таксама просьбу пацярпелай – спыніць разбіральніцтва.
КАНІНА. НЕ ЯЛАВІЧЫНА
“Мясны скандал” у Еўропе – пашыраецца. Пасля выяўлення каніны ў харчах з ялавічыны шэраг французскіх прадпрыемстваў адклікалі з продажу прадукты з падмененым мясам. Падманвалі спажыўцоў таксама ў Швецыі ды Вялікай Брытаніі.
М.Я., belsat.eu