Сыход папы. Якога курсу будзе трымацца Каталіцкі Касцёл?


Сёння раніцаю стала вядома пра сыход з пасады Папы Бэнэдыкта XVI. Гэта мае адбыцца ўжо 28 лютага, прычынай такога рашэння стаўся цяжар папскіх абавязкаў. Бэнэдыкт XVI займаў пасаду кіраўніка каталіцкай царквы ўжо амаль 8 гадоў. Духоўны лідар прызнаў, што стан здароўя і ўзрост не дазваляюць яму кіраваць Касцёлам належным чынам.

Паводле журналіста і тэолага Яна Бабіцкага, кодэкс кананічнага права рэкамендуе біскупу сысці з пасады ў 75 гадоў. Бэнэдыкту XVI сёння 85 год. Ужо на пасаду намесніка святога Пятра яго абралі ва ўзросце, старэйшым за 75 гадоў.

{movie}Ян Бабіцкі ў “Гарачым каментары”|right|9101{/movie}

“У той момант, калі абіраецца новы галава каталіцкай царквы, пра ўзрост сур’ёзна ніхто не думаў. Выбіраецца асоба найбольш адпаведная, якая гарантуе тое, што царква пойдзе ў слушным накірунку. Трэба ўзяць пад увагу мільёны вернікаў, структуры царквы, усё тое, што вымагае быць свядомым і мець адпаведную кандыцыю. Але можна паглядзець на гэта і з пазітыўнага гледзішча: калі чалавек прызнае, што не можа далей плённа кіраваць, то, магчыма, добра было б даць дарогу таму, хто зробіць гэта добра”, – зазначае адмыслоўца.



Бэнэдыкту XVI
было вельмі складана, бо прыйшоў пасля Папы Яна Паўла ІІ, які паставіў вельмі высокую планку. Да таго ж яму давялося спрабаваць разабрацца з сексуальнымі і карупцыйнымі скандаламі ў Касцёле. Магчыма, таму ён не вытрымаў ціску.

Дзень выбараў новага пантыфіка яшчэ не прызначылі, але Ян Бабіцкі мяркуе, што Касцёл зробіць выбар на карысць больш кансерватыўнага прэтэндэнта: “Нават калі будуць змены, то, як кажуць, “млыны касцёлу працуюць вельмі павольна”. Хутчэй за ўсё паслядоўнік будзе працягваць палітыку Бэнэдыкта XVI”.

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў