За хабар – як за забойства. 14 гадоў турмы для Ігара Васільева


Былога першага намесніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Васільева прызналі вінаватым у атрыманні хабару асабліва буйнога памеру асобаю, якая займае адказную пасаду.

Васільева затрымалі працаўнікі КДБ 6 ліпеня 2012 года паводле падазрэння ў вымагальніцтве хабару $ 500 тыс. у прадстаўнікоў чэшскага інвестара за спрыяльнае вырашэнне пытання, звязанага з заключэннем інвестыцыйнай дамовы на будаўніцтва каля Менску заводу пераапрацовання смецця. Перадаванне грошай мусіла ажыццявіцца дзвюма часткамі па $ 250 тыс. Васільева затрымалі ў службовым кабінеце пасля атрымання першай часткі хабару.

Віну ў атрыманні хабару Васільеў у судзе не прызнаў

8 лютага Васільеў выступіў у судзе з апошнім словам. Як і большая частка працэсу, што пачаўся 20 снежня, гэта адбылося ў закрытым рэжыме.

Абвінавачанне прасіла для чыноўніка 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Да аб’яўлення працэсу закрытым у судзе ў якасці сведак дапыталі былых і дзейных працаўнікоў Менгарвыканкаму рознага рангу і прадстаўнікоў чэшскага інвестара, з якімі Васільеў меўся кантактаваць у пытаннях будаўніцтва заводу і праз якіх атрымаў узнагароджанне.

Адзін з галоўных сведак, Васіль Ананьеў, расказаў у судзе, як пад кантролем КДБ 6 ліпеня прынёс у гарвыканкам і перадаў Васільеву ў ягоным службовым кабінеце партфель з $ 250 тыс. Ананьева цяпер утрымліваюць пад вартаю паводле іншай крымінальнай справы, не звязанай са справаю былога чыноўніка. Яго затрымалі яшчэ 11 чэрвеня 2012 года, ён з СІЗА паведаміў у КДБ пра рыхтаванне перадаць хабар Васільеву.

Паводле сведкі, пытанне пра будаўніцтва заводу за чэшскі капітал ён абмяркоўваў з Сяргеем Татуном і прадпрымальнікам Ігарам Смятаніным, якія фігуруюць у справе аб хабары. Менавіта Смятанін паведаміў, што ў яго ёсць свой чалавек у гарвыканкаме і што заключэнне інвестыцыйнай дамовы будзе каштаваць 0,5 млн долараў. А праз некаторы час ужо на сустрэчы непасрэдна з Васільевым у ягоным кабінеце чыноўнік напісаў на паперы суму, якую разлічваў атрымаць за падпісанне інвестыцыйнай дамовы. На гэтай сустрэчы прысутнічаў таксама нейкі прадстаўнік чэшскага боку. Потым, са словаў сведкі, чыноўнік неаднаразова патрабаваў запытаныя грошы.

Заяву ў КДБ пра рыхтаванне злачынства Ананьеў, абураны паводзінамі чыноўніка, напісаў 19 чэрвеня. Ягоныя наступныя сустрэчы з Васільевым ужо праходзілі пад кантролем спецслужбаў. 5 ліпеня, паводле Ананьева, чыноўнік, які ехаў праз 2 дні ў адпачынак, зноў запатрабаваў грошы і атрымаў запэўненне ў тым, што $ 250 тыс. яму будуць дастаўлены з Масквы. Перадаванне грошай адбылося раніцаю 6 ліпеня ў кабінеце Васільева, пасля чаго чыноўніка затрымалі.

У.Ш., паводле БелаПАН,belsat.eu

Стужка навінаў