Папа Бэнэдыкт XVI і Беларусь: 5 фактаў (абноўлена)


Пантыфік нечакана заявіў пра сваю адстаўку з пасады галавы Каталіцкага Касцёлу. Прычынаю адыходу ён назваў недахоп сілаў, звязаны з узростам. Што лучыць Папу-немца з Беларуссю?

1. У красавіку 2009 года Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку разам з ягоным сынам Колем, які ўручыў тады пантыфіку “Буквар” на расейскай мове. Грамадскасць неадназначна ацаніла тады спатканне лідара Каталіцкага Касцёлу і “апошняга дыктатара Еўропы”. Для невыязнога ў Еўразвяз Лукашэнкі гэта была магчымасць наладзіць адносіны з Захадам. Лукашэнка мог імкнуцца выкарыстаць аўтарытэт Касцёлу, каб змяніць негатыўнае стаўленне да афіцыйнага Менску ўрадаў еўрапейскіх краінаў. Кіраўнік Беларусі заяўляў таксама пра сваё “пасярэдніцтва” ў арганізацыі першага ў гісторыі спаткання Рымскага Папы і кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы. Летась у красавіку Лукашэнка зноў апеляваў да Бэнэдыкта XVI, заявіўшы пра магчымы прыезд Папы ў Беларусь, адзначыўшы, што нехта штучна хоча “ўбіць клін” у ягоныя адносіны з пантыфікам.

2. Пасля візіту Лукашэнкі ў Ватыкан актыўна абмяркоўвалася магчымасць падпісання паміж Беларуссю і Ватыканам адмысловага пагаднення – канкардату, які б рэгуляваў прававое становішча Каталіцкага Касцёлу ўнутры Беларусі. “Калі Лукашэнка падпіша гэты канкардат, гэта будзе знакам канчатковай геапалітычнай пераарыентацыі рэжыму Лукашэнкі ад Гістарычнай Русі да Рэчы Паспалітай. Ці ёсць магчымасць гэтага не дапусціць? Вядома, ёсць. У расейскага кіраўніцтва, апроч эканамічных, мусяць з’явіцца і царкоўныя прэтэнзіі да Лукашэнкі”, – негатыўна ацаніў канкардат паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам Кірыла Фралоў, адзін з лідараў расейскага Саюзу праваслаўных грамадзянаў. Канкардат пакуль так і не падпісалі, а дагэтуль незразумела, якія дакладна суб’екты вядуць распрацованне дакументу як з боку Ватыкану, гэтак і з боку ўраду Беларусі.

3. Папа Бэнэдыкт XVI гэтак і не наведаў Беларусь, хоць Лукашэнка неаднаразова яго запрашаў. Адмыслоўцы ацэньваюць, што візіт Папы Рымскага ў Беларусі абумоўлены канфесійнай сітуацыяй у краіне, якая лічыцца Расейскай праваслаўнай царквой сваёй кананічнай тэрыторыяй. Таму такі, паводле адмыслоўцаў, мог бы адбыцца толькі пры згодзе Масквы. У 2009 годзе затое адбыўся візіт беларускіх каталіцкіх біскупаў у Ватыкан “аd limina apostolorum” (“да апостальскіх парогаў”), дзе іерархі здалі справаздачу з дзейнасці Касцёлу ў Беларусі.

4. Пантыфік выказваўся па-беларуску. Віншуючы беларускіх каталікоў з вялікімі хрысціянскімі святамі, Бэнэдыкт XVI прамаўляў на беларускай мове. Галава Каталіцкага Касцёлу таксама высока ацаніў пераклад Евангелля і першага тому “Літургіі гадзінаў” на беларускую мову.

5. Папа перадаў прывітанне беларускім палітвязням. Гэта стала вядома падчас наведання апостальскім нунцыем у Беларусі, арцыбіскупам Кляўд’ё Ґуджэроцці палітычных зняволеных. Ґуджэроцці сустрэўся тады з С. Каваленкам, П. Сырамалотавым, М. Статкевічам, А. Бяляцкім, З. Дашкевічам, Э. Лобавым і П. Севярынцам. Нунцый запэўніў палітвязняў у малітве падтрымання з боку пантыфіка.

Бенедыкт XVI сыдзе у адстаўку 28 лютага. Пра гэта ён паведаміў падчас кансісторыю ў справе кананізацыі мучанікаў з Атранта (Otranto).

Адзіным Папам, які дагэтуль дабравольна сышоў са сваёй пасады, быў Цэлестын V. Гэта адбылося амаль 700 гадоў таму (у 1294 годзе), дадаў у інтэрв’ю выданню кардынал Анджэлё Садана (Angelo Sodano), дэкан Калегіі кардыналаў.

{movie}Апошняе віншаванне Бенедыкта XVI беларусам – з Божым Нараджэннем 2012 года|right|9099{/movie}

Максім Ярашэвіч, А.К., belsat.eu

Стужка навінаў