Суд над кіроўцам «Каена»: Дапыталі сведак, пацярпелых і абвінавачанага (абноўлена)


Сёння ў першай палове дня падчас судовага паседжання паводле справы аб наездзе на трэцякласніка дапыталі сведак. Гэта два 9-гадовыя аднакласнікі Уладзя Грудзьева і жыхар Фрунзенскага раёну Менску Сяргей Фядзюк. Паказанні далі абвінавачаны і пацярпелыя.

Працэс праходзіць пад старшынствам суддзі Юліі Блізнюк. Адвакат — Ігар Папкоўскі. У судзе сабраліся не менш як паўтара дзясятка журналістаў, а таксама сваякі загінулага хлопчыка, у тым ліку ягоная маці.

Бачыў, ці не бачыў?

Суддзя задаволіла хадайніцтва абароны пра запрашэнне эксперта, які рабіў даследаванне месца ДТЗ на просьбу адваката. Таксама заўтра на судовым паседжанні павінны з’явіцца адмыслоўцы, заключэнне якіх зачытвалі ў судзе сёння.

Заключэнні экспертызаў разыходзяцца ў пытанні, ці мог кіроўца раней бачыць хлопчыка і зрабіць адпаведныя захады. З экспертызы адваката вынікае, што падсудны не мог заўважыць школьніка і адпаведна адрэагаваць на ягонае раптоўнае з’яўленне.

Прадстаўніца пацярпелых Ксенія Кобаса хадайнічала пра выклік у суд намесніцы дырэктара 23-й школы. Завуч Наталля Курсевіч, адказваючы на пытанні Кобасы, распавяла, што існуе праект прышкольнай тэрыторыі. Паводле яго, пад’язджаць да будынку можа толькі спецтранспарт, а таксама працаўнікі школы. На іх не распаўсюджваецца дзеянне знаку “Рух забаронены”. Адміністрацыя школы сістэматычна праводзіла працу сярод вучняў у пытаннях прафілактыкі парушэнняў правілаў дарожнага руху. 12 лістапада, за дзень да здарэння, у школе паказвалі тэатральны спектакль на гэтую тэму. Тое, што бацькі ігнаруюць правілы ды едуць пад знак, адміністрацыя бачыла. Звароты з просьбамі ўсталяваць шлагбаум, ляжачага паліцэйскага ці агароджу накіроўваліся ў ДАІ ды іншыя інстанцыі. Паводле спадарыні Курсевіч, на ўсе просьбы атрымлівала адмову.

Дзеці лічылі пляцоўку каля школы «сваёю»

Сведка-аднакласнік загінулага хлопчыка Матвей Мілашэўскі распавёў, што 13 лістапада заняткі скончыліся каля 18:30. Сябры сталі гуляць у гульню, якую самі прыдумалі – «Зомбі»: адзін даганяе, астатнія ўцякаюць. Той, хто даганяе, мусіць дакрануцца да іншых. Паводле другога сведкі Яўгена Суботы, кампанія гуляла ў «Зомбі» кожны дзень пасля заняткаў каля школы. У той вечар Уладзь выконваў ролю таго, хто даганяе. Ён пабег за Матвеем праз дарогу. Затым Матвей убачыў Уладзя ўжо пад заднімі коламі аўто. Хлопчыкі сказалі, што яны спалохаліся і пабеглі дахаты.

«Пасля таго, як Уладзік памёр, нікому ў галаву не прыходзіла нават прапаноўваць зноў пагуляць каля школы», – распавёў Матвей Мілашэўскі.

{movie}Суд над кіроўцам «Каена»: інтэрв’ю са сведкам|right|9096{/movie}

Сведка Сяргей Фядзюк распавёў, што ўвечары 13 лістапада каля школы ён гуляў з дачкою і бачыў, як хлопчыкі бегаюць сярод машынаў. Паводле мужчыны, ён хацеў зрабіць заўвагу, але раптам пачуў гук удару і крык «Не!». Паводле Федзюка, абвінавачаны быў бледны, вельмі разгублены. Сталі збірацца людзі, рабіць хлопчыку масаж сэрца, але ні дыхання, ні пульсу ў Уладзя ўжо не было. Сяргей Фядзюк прызнаўся, што ён сам прыязджаў у школу на ўласным аўто і, калі не меў часу, таксама заязджаў пад знак да самай школы.

Прадстаўніца пацярпелых удакладніла ў абодвух 9-гадовых сведак: «Ці так я разумею, што вы лічылі гэтую школу сваёю і не баяліся там гуляць?» Матвей і Яўген адказалі: «Так». Адвакат абвінавачанага спытаўся, ці не папярэджвалі іх дарослыя, што бегаць сярод машын небяспечна. Хлопцы сказалі, што не памятаюць, каб ім гэта нехта казаў.

Вачыма абвінавачанага

Кіроўца «Поршэ-Каен» распавёў, што ў той вечар вёз сына ў школу на секцыю каратэ. Каля школы былі знакі «Праезд забаронены» і «Стаянка забароненая». «Я праехаў далей. Там паўсюль стаялі машыны. Я адвёў сына, вярнуўся, развярнуўся і паехаў у кірунку вуліцы з хуткасцю прыкладна 15 кіламетраў за гадзіну. Раптоўна ўбачыў цень перад машынаю. Экстраннае тармажэнне. Не адчуў моманту пераезду. Выйшаў з машыны, убачыў хлопчыка часткова пад машынаю тварам уверх. Выцягнуў яго, расшпіліў кашулю, стаў мацаць пульс. Падбеглі людзі. Мяне адсунулі. Хтосьці выклікаў хуткую», – распавёў абвінавачаны.

Адвакат Ігар Папкоўскі папрасіў свайго падабароннага намаляваць маршрут руху на фатаграфіі мясцовасці ля школы, пра што заявіў адпаведнае хадайніцтва. Суд яго задаволіў.

«Маё працоўнае жыццё прысвечанае таму, каб прыносіць радасць дзецям, – адзначыў абвінавачаны. – Тое, што адбылося – трагічная выпадковасць. Я адчуваю на сабе вялізную маральную адказнасць».

Фірмы, у якіх працуе абвінавачаны, займаюцца арганізацыяй дзіцячых забавак. Яшчэ на пачатку паседжання адвакат заявіў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы дакументаў пра дабрачынную дзейнасць свайго падабароннага.

«Унук казаў, што ён каля школы. Значыць, гэта бяспечна».

Таксама пракурор і адвакат дапыталі пацярпелых: маці Уладзя Грудзьева Алену, ягоных бабулю дзядулю – Алу Канстанціўну і Іосіфа Францавіча. Ніхто з іх не быў відавочцам здарэння. Жанчыны давалі паказанні праз слёзы. 13 лістапада яны былі каля школы, калі Уладзя ўжо не было ў жывых.

Адвакат спытаўся ў бабулі, ці яна ведала, што дзеці застаюцца пасля заняткаў і гуляюць у такія гульні.

– Не.

– Ці звярталі Вы ўвагу, што дзіця затрымліваецца пасля заняткаў?

– Ён заўжды званіў і папярэджваў, што хутка будзе.

– А вы цікавіліся, чым займаецца ў гэты час унук?

– Ён казаў, што ён каля школы. Значыць, гэта бяспечна.

На пытанне суддзі пра выстаўленне патрабаванняў да тэрміну і кампенсацый ад абвінавачанага пацярпелыя адказалі, што заявяць іх пазней.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў