Лаўрынас Касчунас: Распродаж Беларусі – пытанне часу


На фоне актыўнага збліжэння Беларусі ды Расеі ў межах Еўразійскага саюзу пра актыўны ўдзел нашай краіны ва Усходнім партнёрстве ўжо не вядзецца. Адзін з аўтараў даследавання «Еўразійскі саюз: выклік Еўразвязу і дзяржавам Усходняга партнёрства» палітолаг Лаўрынас Касчунас (Laurynas Kasčiūnas) зазначае, што неўзабаве заходнім палітыкам не будзе сэнсу спрабаваць размаўляць з афіцыйным Менскам – усё будзе вырашаць Масква.

– На Вашае меркаванне, як далёка гатовы зайсці Лукашэнка ў інтэграцыі з Еўразійскім звязам? Відавочна, ён не жадаў бы цалкам губляць кантроль над краінаю.

– Сапраўды, татальная інтэграцыя кіраўніку Беларусі зусім не выгадная. Мяркую, чырвонаю рысаю для яго стане стварэнне агульнага грашовага рынку і пераход на адзіную валюту. У такім выпадку ён згубіць магчымасць да ручнога кіравання эканомікай, як ён гэта рабіў зазвычай, дэвальвуючы нацыянальную валюту. Беларусь будзе гандляваць сваім падтрыманнем на кожную прапанову саюзу ў абмен на зніжкі. Так што інтэграцыі лёгкім натуральным шляхам не чакаецца.

– Якім чынам будзе адбывацца інтэграцыя, калі ў кожнай краіны захоўваюцца свае інтарэсы?

– Інтэграцыйны працэс будзе развівацца праз пастаянныя палітычныя гульні. Пакупка Беларусі будзе адбывацца паступова, пачынаючы з супольных стратэгічных праектаў і завяршаючы поўнаю інтэграцыі. Беларусь мусіць адаптавацца да расейскіх тарыфаў, а яны – ніжэйшыя. З’яднанне з расейскім і казахскім рынкамі павялічыць ціск на беларускія прадпрыемствы, у якіх і без таго паказнікі канкурэнтаздольнасці нізкія. Паўстае выбар: або рэструктурызацыя заводаў, або банкруцтва. Да рэформаў Лукашэнка няздольны, таму застаецца гандаль заводамі.

– Распродаж Беларусі – пытанне часу?

– На маю думку, так. Тэндэнцыя скупкі краіны будзе толькі ўзмацняцца. Расея задумвала Еўразійскі звяз у тым ліку з такім доўгатэрміновым планам.

– Гэты інтэграцыйны кірунак выкрэслівае Беларусь з праекту Усходняга партнёрства?

– Ва Усходняга партнёрства ёсць два мускулы: гэта бязвізавы рэжым і адзіная эканамічная прастора. Але калі ты ў Мытным звязе, ты ўжо не можаш заключыць дамову аб свабодным гандлі з ЕЗ. На жаль, Беларусь згубіла ролю значнага актара Усходняга партнёрства. Так, дэ-юрэ шэсць месцаў для прадстаўнікоў з Беларусі застанецца, але цяпер кожную прапанову ад ЕЗ беларусы мусяць узгадняць са сваймі хаўруснікамі.

– Ці існуюць пэўныя крокі з боку ЕЗ, якія прыпынілі б інтэграцыю Беларусі ў Еўразійскі звяз?

– На сённяшні момант усё залежыць толькі ад аднаго чалавека – Лукашэнкі. Еўрапейцы чакаюць ад яго рэабілітацыі палітвязняў, затым – рэформаў і далей паводле спісу. Але ЕЗ мусіць весці перамовы ўжо з Масквою, бо Беларусь мае ўсё больш мацнейшыя сувязі з Еўразійскім звязам. Дарэчы, гэта Лукашэнку таксама не здавальняе, бо ён губляе кантроль над дачыненнямі Менску і Бруселю. Таму інтэграцыйныя працэсы будуць паглыбляцца, але не так шпарка і лёгка.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары