Еўразійскі саюз vs Еўрапейскі звяз


Збліжэнне з Еўразійскай эканамічнай прастораю перакрэслівае перспектывы еўрапейскай інтэграцыі краінаў-удзельніцаў Усходняга партнёрства, што асабліва актуальна для Беларусі. Да такой высновы прыйшлі аўтары даследавання «Еўразійскі саюз: выклік Еўразвязу і дзяржавам Усходняга партнёрства».

Працу прэзентавалі ў пятніцу адмыслоўцы Цэнтру даследаванняў Усходняй Еўропы ў Вільні.

Еўразійскі саюз капіюе Еўразвяз

Навукоўцы прасочваюць аналогію між першымі крокамі на шляху да Еўразійскага звязу і этапамі інтэграцыі Еўропы. Сапраўды, Еўразвяз пачынаўся з эканамічнай садружнасці: у 1951 годзе Францыя, Нямеччына, Італія і краіны Бенілюксу ўтварылі Еўрапейскае аб’яднанне вуглю і сталі, якое трансфармавалася ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць. Хоць спробы палітычнай канфедэрацыі на постсавецкай прасторы ўжо прадпрымаліся (СНД, АДКБ), яны аказваліся фрагментарнымі ў сваіх дзеяннях і, у выніку, пераўтвараліся ў намінальныя аб’яднанні. Цяпер выглядае, што Расея выканала працу над памылкамі ды гэтым разам шчыльней бярэцца за інтэграцыю вакол сябе.

Тое, што Еўразійскі саюз ўяўляе з сябе задзіночанне роўных, як тое ёсць з краінамі ЕЗ, выклікае ў аналітыкаў сумневы. Рамунас Вільпішаўскас (Ramūnas Vilpišauskas) ахарактарызаваў Еўразійскі саюз як палітычны праект, зрэалізаваны эканамічнымі сродкамі. Беларусь і Казахстан засяроджваюцца вакол аднаго цэнтру – Масквы, якая мае на мэце распаўсюдзіць сваю мадэль зрошчанай палітыкі ды бізнесу на цэлы рэгіён.

Расейскія лідары не раз цвердзілі, што доўгатэрміновая мэта Еўразійскага саюзу – стварэнне агульнай з ЕЗ эканамічнай прасторы «ад Лісабону да Уладзівастоку». Аднак, паводле палітолагаў, «правілы гульні» ЕЗ і Еўразійскай эканамічнай прасторы нагадваюць два паралельныя працэсы.

Расейскі праект

Для Расеі адна з асноўных матывацыяў да з’яднання – скласці палітычную процівагу Захаду і перавесці ў сваю арбіту краіны, якія вагаюцца. Еўразвяз ужо афіцыйна звяртаўся да рады Еўразійскага саюзу з прапановамі арганізаваць сустрэчу, але адказы іншага боку штораз адкладаюцца. Адмыслоўцы адзначылі, што на мове дыпламатыі такі жэст сімвалізуе непрыярытэтнасць партнёра ў вонкавай палітыцы.

Для Пуціна Еўразійскі звяз - галоўны праект у палітычнай кар'еры. Фота belsat.euДля Пуціна Еўразійскі звяз – галоўны праект у палітычнай кар’еры. Фота belsat.euЦі гатовыя гэтыя тры краіны дэлегаваць цуглі кіравання наддзяржаўным інстытуцыям? На думку аўтараў, такога не здарыцца. Еўразійская эканамічная камісія дагэтуль абмежаваная ў сваіх дзеяннях, што звязанае не толькі з недахопам кампетэнцыі, але і з нежаданнем ураду Расеі дэлегаваць кампетэнцыю іншай інстытуцыі. Дыктаваць правілы будзе Расея, кантралюючы краіны ды іх стасункі з іншымі палітычнымі суб’ектамі, у першую чаргу, з ЕЗ. Дамінавальным спосабам прымаць рашэнні будзе савецкая дырэктыва, без уліку спецыфікі функцыянавання механізмаў на месцах. Для Пуціна гэта ледзьве не асабісты праект, бо ён выступіў ініцыятарам апоiняга, пасля яго вяртання на пасаду прэзідэнта інтэграцыйныя працэсы актывізаваліся. Для Лукашэнкі падтрыманне расейскага праекту – надзея купляць нафту і газ па ўнутрырасейскіх коштах, атрымліваць крэдыты.

Для насельніцтва краіны заснаванне МЗ адбілася закрытаю магчымасцю ўвозіць з замежжа ўжываныя аўтамабілі. Набліжаецца і ўвядзенне агульнага тарыфу на ўвоз некаторай імпартнай побытавай тэхнікі, што непазбежна пацягне ўверх кошты на яе.

Астатнія гульцы

Дэпутат літоўскага парламенту Эмануэліс Зінґерыс мяркуе, што Беларусь ужо згубіла свой голас у Мытным саюзе: «Пуцін прымае рашэнне, што Лукашэнку рабіць у гэтым звязе, бо пераважная колькасць рычагоў уплыву – у руках Расеі. На вялікі жаль, Беларусь усё далей адыходзіць ад арбіты Еўропы, ад каштоўнаснай парадыгмы, якая будуецца на павазе да правоў чалавека».

У не надта добрых умовах апынуўся і Казахстан. Па заключэнні дамовы аб Мытным звязе гэтай краіне давялося павышаць амаль палову тарыфаў на імпартныя тавары з трэціх краінаў, акрамя СНД. На думку Вільпішаўскаса, Назарбаеў пры ўласцівым яму славалюбстве знайшоў чарговую нагоду увекавечыць сваё імя, зусім не кіруючыся рацыянальнымі крытэрамі інтэграцыі. На нявызначаных пазіцыях застаецца Украіна, якая далучылася да Еўразійскага праекту ў якасці “госця”, паводле фармату «3+1», быццам пакідаючы для сябе прастору для манеўру.

Прадказаць далейшыя этапы інтэграцыі рэгіёну складана. Аднак аб’яднанне ўжо адхіляецца ад шляху, якім ішоў ЕЗ. Таму надзённая задача Бруселю, на думку экспертаў, – актыўней развіваць праграму Усходняга партнёрства, каб не даць такім краінам, як Украіна, Малдова і Грузія, падпасці пад эканамічны пратэктарат Расеі. Еўразійскі саюз можа ўніфікаваць тарыфы, стандарты кантролю якасці прадуктаў, тэхнічныя стандарты, але яны будуць адрознівацца ад стандартаў у ЕЗ.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Працяг тэмы чытайце ў інтэрв’ю з адным з аўтараў даследавання «Еўразійскі саюз: выклік Еўразвязу і дзяржавам Усходняга партнёрства» Лаўрынасам Касчунасам (Laurynas Kasčiūnas).

Стужка навінаў