Яшчэ да запуску вяшчання тэлеканалу Аляксандр Лукашэнка ў красавіку 2007 году назваў «Белсат» «глупым, бестолковым и недружественным» праектам. 10 снежня 2007 году «Белсат» пачаў спадарожнікавыя трансляцыі для Беларусі. І з той пары ўлада працягвае ставіцца да нас, як да ворагаў.
Ціск на тэлеканал пачаўся адразу пасля пачатку вяшчання. У 2008 годзе разам з кампаніяй па дэмантажу спутнікавых талерак нібыта праз тое, што яны псуюць знешні выгляд будынкаў, на допыт у пракуратуру і КДБ пачалі выклікаць нашых супрацоўнікаў.
У 2009 годзе дырэктарцы тэлеканалу Агнешцы Рамашэўскай-Гузы адмовілі ў беларускай візе. Яна збіралася прыехаць на святкаванне дня народзінаў «Белсату». Свята, дарэчы, таксама не адбылося. У апошні момант клуб «Графіці», дзе мусіла адбыцца свята, паведаміў пра збой у электрасетцы.
У першыя гады існавання тэлеканалу самым папулярным інструментам ціску былі папярэджанні ад пракуратуры, якія атрымлівалі журналісты пісьмова або вусна за супрацу з замежным неакрэдытаваным медыя.
Чатыры разы «Белсату» было адмаўлялі ў акрэдытацыі і адкрыцці карэспандэнцкага пункту ў Беларусі.
Па тэме:
Што найбольш раздражняе ўлады ў працы «Белсату»?
За 10 гадоў існавання тэлеканалу: факты і лічбы
У 2008 годзе адбыўся першы вобшук на кватэры, дзе працавалі журналісты, а таксама першыя адміністрацыйныя арышты. Наступны раз у нашыя дзверы пагрукаліся у 2010. У той год цярпелі не толькі белсатаўцы, але ўсе незалежныя медыя. 19 снежня 2010 году на акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў затрымалі прынамсі 27 журналістаў.
Больш ці менш зацішнымі апынуліся 2012-2014 гады, затрыманняў і гвалту супраць белсатаўцаў было менш, чым у папярэдні і наступны перыяд. Але ціск на тэлеканал працягваўся. З’явілася скарга прадпрымальніка Андрэя Белякова супраць каналу за, нібыта, парушэнне аўтарскіх правоў. 4 верасня 2014 году Вярхоўны суд забараніў выкарыстанне польскім тэлебачаннем назвы «BELSAT» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі. Пра справу забыліся ажно да сакавіка 2017 году, калі пачаліся масавыя народныя пратэсты ў Беларусі, а з імі і масавыя рэпрэсіі супраць журналістаў.
*Сума штрафаў у BYN разлічана ад базавых велічыняў, пералічана ў USD па сярэднегадавых курсах паводле НБ РБ. Дадзеныя на 30 лістапада 2017 году.
Апошні ператрус на офісах «Белсату» адбыўся 31 сакавіка 2017 году. У нас канфіскавалі тэхніку.
За апошняя 2 гады ўлады Беларусі пачалі сістэматычна вкарыстоўваць затрыманні пры выкананні прафесійных абавязкаў і штрафы за незаконны распаўсюд медыйнай прадукцыі. Журналістаў спыняюць па дарозе на месца падзеяў, трымаюць у пастарунках міліцыі. А потым вымушаюць плаціць за гэта тысячы долараў штрафаў.
З 35 штрафаў журналістам незалежных медыяў за 2017 год па адміністрацыйным артыкуле 22.9 за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў, 31 штраф заплацілі журналісты «Белсату».
Лідар па затрыманнях – Менск (37 выпадкаў), па штрафах – Гомельская вобласць, 45 штрафаў за 3 гады. З іх 17 атрымаў гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі за свае рэпартажы. Кастуся Жукоўскага ў 2017 годзе пазбавілі на год правоў кіроўцы. У знак пратэсту Кастусь зашыў сабе рот.
Выпадкаў гвалту за 10 гадоў існавання тэлеканалу мы налічылі каля 10, – гэта збіццё журналістаў або грубае абыходжанне пры затрыманні. У асноўным гвалт прымяняўся на акцыях пратэсту ў 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў, у 2011 на маўклівых акцыях па ўсёй краіне і сёлета ўвесну.
У 2010 годзе адзін з нашых журналістаў месяц правёў у шпіталі пасля збіцця ў пад’ездзе.
Колькі разоў у журналістаў адбіралі тэхніку, потым вярталі з чыстымі карткамі памяці, падлічыць немагчыма. Затое некалькі разоў тэхніку не вярталі зусім. Камп’ютары, камеры, флешкі журналістаў «Белсату» дагэтуль хаваюцца ў шуфлядках МУС. Ёсць сведчанні, што менавіта нашымі камерамі супрацоўнікі МУС праводзяць аператыўныя здымкі.
Па тэме:
Аднак, усе гэта не ўплывае на нашую працу. Мы развіваемся і запускаем новыя праекты. А з пачаткам восені распачаўся юбілейны, дзясяты сезон на нашым канале.
Восень: уладкуйцеся перад экранам і глядзіце «Белсат»!
Паглядзіце, зацаніце 🙂 Дзесяты і юбілейны сезон на "Белсаце": больш прамых эфіраў, онлайн трансляцыі, новыя праграмы, фільмы і серыялы. Гэта будзе круты год! Заставайцеся з намі!Больш пра гэта: http://belsat.eu/news/vosen-uladkujtsesya-perad-ekranam-i-glyadzitse-belsat-novyya-pragramy-filmy-i-seryyaly/
Opublikowany przez Белсат TV Wtorek, 5 września 2017
Вераніка Уладзімірава, belsat.eu, крыніца: Baj.by, Belsat.eu