У Беларусі пажыццёвае зняволенне адбываюць каля 140 чалавек


За межамі жылога сектару асуджаным з пазнакаю «ПЗ» (пажыццёвае зняволенне) на робе перамяшчацца дазволена ў паставе: сагнуцца напалову, ногі на шырыні большай за плечы, рукі ў кайданках высока паднятыя ззаду, пальцы расстаўленыя. Падымаць галаву і разгінацца забараняецца, каманды трэба выконваць неадкладна, кожнага асуджанага суправаджаюць два кантралёры з сабакам. Шпацыр у асуджаных – 30 хвілінаў у дворыку, як і камера, толькі замест столі – краты.

Усяго ў Беларусі такіх зняволеных – каля 140 асобаў. Больш за 80 з іх адбываюць пакаранне ў турме № 8 у Жодзіне. Пра гэта распавядаецца ў матэрыяле «Прыгавораныя па жыцці», апублікаваным у апошнім нумары газеты МУС Беларусі «На страже».

Паводле начальніка атраду ў справе арганізацыі выканання пакарання ў выглядзе пажыццёвага зняволення Васіля Занкевіча, у турме ёсць раней асуджаныя і асобы, якіх ніколі не прыцягвалі да крымінальнай адказнасці, зусім непісьменныя і тыя, у каго ні адзін дыплом вышэйшай адукацыі.

«Найстарэйшаму пастаяльцу турмы было 60 гадоў, калі яго перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрымання ў ПЧ-13 у Глыбокае: шпацыры даўжэйшыя, пасылак, перадачаў і спатканняў больш, а замест камеры – жылое памяшканне казармавага тыпу, – гаворыць працаўнік пенітэнцыярнай сістэмы. – Такая магчымасць ёсць ува ўсіх жодзінскіх пажыццёвікаў пасля 10 гадоў у турме пры ўмове адсутнасці сур’ёзных парушэнняў правілаў унутранага распарадку. Яшчэ праз 10 гадоў адміністрацыя калоніі мае права хадайнічаць перад судом пра замену пажыццёвага зняволення на пэўны тэрмін пазбаўлення волі».

У матэрыяле паведамляецца, што «ў «васьмёрцы» спецкантынгент сочыць за навінамі з тэлепраграмаў і друкаваных выданняў, спадзеючыся на паслабленні ў заканадаўстве. Апроч таго, вывучаюць мовы, выпісваюць з прапанаванага каталогу літаратуру.

У камерах ёсць разетка, радыёкропка, кнопка выкліку дзяжурнага кантралёра. Кожныя 15 хвілінаў дзяжурны глядзіць у вочка. Пасля адбою хадзіць па камеры забаронена. Можна хіба што схадзіць у прыбіральню. Парушальнікаў рэжыму ўтрымання могуць змясціць у штрафны ізалятар на тэрмін да 10 содняў.

На год зняволенаму дазваляецца 1 пасылка да 30 кг, 2 кароткатэрміновыя спатканні (да 4 гадзінаў), 2 разы на месяц можна атаварыцца ў краме ізалятару за безнаяўны разлік. Магчымае атрыманне кніжнай бандэролі ды рэчавай перадачы.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Стужка навінаў