Прапясочаны хакей. Беларусы не прабіліся на Алімпіяду


https://youtu.be/UzGGVwKPxqg
Удар па вялікадзяржаўных спартовых амбіцыях. Улюбёны прэзідэнцкі спорт, у які інвестуецца нямала бюджэтных сродкаў, зазнаў чарговую паразу. Беларуская хакейная каманда не возьме ўдзелу ў сочынскай алімпіядзе. Дзе ж месца нашага хакею?

Спартовая справядлівасць – суворая: налета ў Сочы змагацца за алімпійскае “золата” паедуць спартоўцы са Славеніі, дзе гэты від спорту далёка не першасны, а не каманда з краіны лядовых палацаў. Хто ж вінаваты і што рабіць?

{movie}Прапясочаны хакей|right|9092{/movie}
ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Дзяржава стараецца, а нашыя хакеісты не апраўдалі надзеяў ані заўзятараў, ані прэзідэнта, які для гэтага робіць шмат”.
“Трэба скончыць верыць у цуды і сур’ёзна заняцца гульнёй”.
“Па гульні славенцы выглядалі мацнейшымі”.

І насамрэч. Менавіта са славенцамі нашая каманда і распачала кваліфікацыйны турнір, саступіўшы з лікам 2:4. Не дапамог беларусам ані пазнейшы разгром украінцаў, ані ажыятаж вакол хакею на самым высокім узроўні на радзіме.

АЛЕСЬ ПУЦІЛА, СПАРТОВЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
“Гаварыць пра развіццё хакею… нельга ўвогуле гэтага слова казаць: “развіццё”! Трэба казаць: спад, заняпад і бесперспектыўнасць”.

І гэта нягледзячы нават на колькасць лядовых палацаў, пабудаваных за апошнія гады ў самых розных кутках Беларусі. Да 2014 года агульная іх колькасць пераваліць за паўсотню.

ІВАН ГРУНТОЎ, АГЛЯДАЛЬНІК «GOALS.BY»:
“Недастаткова папросту пабудаваць палац. Трэба забяспечыць яго нармальным штатам працаўнікоў. Тое ж самае можна сказаць і пра школу. На жаль, нашыя школы перасталі даваць добрыя кадры для зборнай: на выхадзе атрымліваецца некалькі добрых гульцоў, аднак калі яны даходзяць да дарослага ўзроўню, майстроў, аказваецца, адзінкі”.

Замест жа працы на будучыню ўся айчынная стратэгія скіраваная на набыццё цяперашняга, наўрад ці якаснага прадукту.

ІВАН ГРУНТОЎ, АГЛЯДАЛЬНІК «GOALS.BY»:
“У краіне адчуваецца востры недахоп кваліфікаваных менеджараў, трэнерскіх кадраў – вось сюды трэба ўкласці грошы, а не ў зарплаты хакеістам, як гэта робіцца цяпер. То бок нельга асыпаць толькі вярхі золатам, трэба глядзець уніз”.

Тым часам наўрад ці блісне золатам беларусам і чэмпіянат свету, які мае прайсці ў нашай краіне налета. Як сведчыць статыстыка, гаспадары чэмпіянатаў перамагаюць вельмі рэдка. І нават усясветныя гранды тут – не вынятак.

АЛЕСЬ ПУЦІЛА, СПАРТОВЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
“А што гаварыць пра беларусаў, калі мы нават не можам ведаць праз год, хто будзе трэнерам, хто будзе ў складзе нацыянальнай каманды – і ці будзе ўвогуле класічны фармат правядзення чэмпіянату свету!”

…у самай хакейнай дзяржаве. А ці насамрэч яна такая? Паводле рэйтынгаў спартовых трансляцыяў у Беларусі хакейныя матчы значна саступаюць тым жа футболу, і біятлону.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары