Беларуса-раба ў Расеі прымушалі вырошчваць рыбу для палкоўніка міліцыі


У Расеі вызвалілі з працоўнага рабства дваіх беларусаў. Гэта мужчыны, адзін з якіх працаваў у Арэнбургскай вобласці, другі – у Дагестане. Цяпер яны на шляху да Масквы, адкуль выправяцца дамоў.

Спадар Мікалай (прозвішча пакуль не называецца дзеля бяспекі) паехаў на заробкі ў Расею ў 2001-м. Сям’я апошні раз мела з ім сувязь у 2005-м. Тады ён даслаў тэлеграму: “Будзем жывыя – пабачымся” – са сваім адрасам. Аднак на лісты мужчына ні разу не адказаў. Беларуса абвесцілі ў вышук, а потым прызналі зніклым без вестак. Сям’і нават выдалі пасведчанне аб смерці.

Пасведчанне аб смерці зніклага ў Расеі беларуса. Фота belsat.eu  Пасведчанне аб смерці зніклага ў Расеі беларуса. Фота belsat.eu Аднак на мінулым тыдні спадар Мікалай, якому цяпер ужо 61 год, здолеў праз мясцовага жыхара звязацца з сям’ёю. Вось тое, што ён перадаў: “Дакументаў няма, трымаюць, як раба, і прымушаюць вырошчваць рыбу”, – як высветлілася, для палкоўніка МУСу. Збегчы Мікалай спрабаваў, але калі звяртаўся ў паліцыю, яго вярталі да “гаспадара”.

Ягоны пляменнік перадаў інфармацыю актывістам расейскага руху “Альтэрнатыва”, якія займаюцца вызваленнем з працоўнага рабства. Валантэры звярнуліся па дапамогу да сенатара Святланы Журавай, якая, у сваю чаргу, заручылася падтрыманнем з гарадской думы Арэнбургу.

Як паведаміла прэс-сакратарка руху “Альтэрнатыва” Вольга Каровіна, цяпер актывісты намагаюцца праз беларускае прадстаўніцтва ў Расеі зрабіць для Мікалая дакументы, пасля чаго ён зможа вярнуцца дамоў.

Магілёўцу Аляксандру 1976 года нараджэння пашанцавала болей. Частку грошай ды дакументы яму ўжо вярнулі з дапамогаю паліцыі Дагестану.

Пра ягонае знікненне ў Расеі актывістам паведаміла сястра. Мужчына паехаў на заробкі ў Маскву, але потым паінфармаваў яе, што перабывае ў Дагестане. Пасля гэтага сувязь знікла. З пачатку 2013-га мужчына быў у вышуку. Актывісты “Альтэрнатывы” вызвалілі яго з цагельні, што месціцца ў паселішчы Калінаўка за 20 км ад Кізляру. Магілёвец да апошняга верыў, што яму заплоцяць за працу, хоць і не падпісваў аніякага кантракту са сваім “працадаўцам”.

З пачатку года гэта ўжо другая серыя вызваленняў рабоў, якую правяла “Альтэрнатыва”. Напрыканцы студзеня актывісты разам з працаўнікамі паліцыі Дагестану вызвалілі з цагельні 9 чалавек, 5 з якіх былі беларусамі. Цяпер усе яны вярнуліся дамоў.

А.Р., belsat.eu

Стужка навінаў